У Грузіі арыштавалі двух беларусаў за наведванне Абхазіі

21.10.2010 16:25
Архив Редакция

Грамадзяне Беларусі, муж і жонка Сямён і Ірына Дзячок з Берасця, арыштаваныя грузінскай паліцыяй за "незаконнае знаходжанне на акупаванай Расіяй тэрыторыі Абхазіі". Як паведаміў сябар сям'і Дзмітры Дардзюк, пару арыштавалі пры спробе патрапіць з Абхазіі ў Грузію. З 2 кастрычніка беларусы знаходзяцца ў грузінскай турме.

Дзмітрый Дардзюк дадаў, што аб сітуацыі праінфармавана беларускае дыппрадстаўніцтва ў Грузіі, перадае БелаПАН.

Як паведамілі ў амбасадзе Беларусі ў Арменіі (амбасады ў Грузіі Беларусь не мае), суд над затрыманымі павінен быў пачацца ў 15:00 па беларускім часе.

Чакаецца, што на пасяджэнні суда жонкі Дзячок заключаць працэсуальнае пагадненне з пракуратурай Грузіі аб фінансавай кампенсацыі. «Заканадаўствам Грузіі прадугледжваецца магчымасць не адбываць пакаранне, а выплаціць фінансавую кампенсацыю. Памер кампенсацыі вызначае альбо суд, альбо орган апрабацыі. Пасля выплаты гэтай сумы беларусы могуць быць вольныя», — паведамілі ў амбасадзе.

У Грузіі існуе закон аб акупаваных тэрыторыях. Грамадзянін любой краіны, які ўязджае на тэрыторыю Грузіі праз акупаваныя тэрыторыі, лічыцца парушальнікам.

Падобны інцыдэнт адбыўся летам 2009 года, калі грамадзянка Беларусі правяла ў грузінскай турме 50 дзён за незаконнае знаходжанне на тэрыторыі Грузіі. Згодна з грузінскім заканадаўствам, такое правапарушэнне караецца турэмным зняволеннем на тэрмін ад трох да пяці гадоў або штрафам ад трох да пяці тысяч даляраў.

Вызваліць жанчыну тады ўдалося толькі пасля ўмяшання дыпламатаў, а неўзабаве пасля інцыдэнту МЗС Беларусі «настойліва рэкамендаваў» беларусам улічваць палажэнні грузінскага заканадаўства пры планаванні паездак у Абхазію і Паўднёвую Асетыю.

«Уезд замежнікаў у Абхазію і Паўднёвую Асетыю дапускаецца выключна з напрамкаў Зугдзідскага і Гарыйскага муніцыпалітэтаў. Пранікненне ў Абхазію і Паўднёвую Асетыю з ўсіх іншых накірункаў без спецыяльнага дазволу грузінскіх уладаў забараняецца і караецца ў адпаведнасці з Крымінальным кодэксам Грузіі», — адзначалася тады ў паведамленні прэс-службы МЗС.

Как вам новость?
Головоломки