У ГУУС расказалі падрабязнасці скандалаў з мінскімі турфірмамі

27.08.2010 11:36
Архив Редакция

У Галоўным упраўленні ўнутраных спраў Мінгарвыканкама расказалі новыя падрабязнасці аб ходзе расследавання некаторых гучных крымінальных спраў звязаных з мінскімі турфірмамі. Самымі гучнымі сталіся скандалы з турыстычнымі кампаніямі "РестМаркет" і "Совпольда", ад дзеянняў якіх пацярпелі дзясяткі грамадзянаў.

Так, у следчым упраўленні папярэдняга расследавання ГУУС Мінгарвыканкама паведамілі, што ў цяперашні час выяўлена 39 пацярпелых ад дзеянняў 47-гадовай мінчанкі Марыі Кананенка, дырэктаркі ТДА «Рестмаркет», якая ў перыяд з лютага па чэрвень гэтага года завалодала рознымі спосабамі не менш, чым 480 млн. рублёў.

У працэсе расследавання было выяўлена яшчэ 11 пацярпелых, якія на працягу 2008 — 2010 гадоў пазычалі Марыі Кананенцы грошы. Самая буйная сума, якую яна займела ад крэдытораў (аргументуючы пашырэннем свайго бізнэсу), складае 83 млн. рублёў.

Завалодаўшы гэтымі грашыма, жанчына знікла ў невядомым кірунку. Адразу ж пасля таго, як у дачыненні да махляркі была ўзбуджаная крымінальная справа, яна аб’яўлена ў міжнародны вышук. У цяперашні час прымаюцца ўсе меры для паймання падазраванай, распавялі ў ГУУС Мінгарвыканкама.

«Большасць пацярпелых ад яе рук неаднаразова карысталіся паслугамі ТДА «Рестмаркет» і не мелі раней ніякіх прэтэнзіяў з нагоды якасці аказаных паслуг, — распавёў старшы следчы СУ ПР ГУУС Мінгарвыканкама Дзмітры Контусь. — Людзі давяралі гэтай фірме, а таму не былі занадта патрабавальныя пры афармленні дакументаў. У прыватнасці, падпісвалі дамовы неўстаноўленай формы, пры перадачы грошай не патрабавалі належнага пацверджання дадзенага факту, якім з’яўляецца чэк».

Як расказалі ў СУ ПР ГУУС, Марыя Кананенка ў большасці выпадкаў працавала па 100-працэнтнай перадаплаце. На адрозненне ад многіх іншых турагентаў, якія патрабуюць ад 30 да 50% адразу і астатнюю частку непасрэдна перад паездкай. Махлярка матывавала гэта тым, што наяўнасць усёй сумы дазволіць ёй адразу ж забранаваць гатэль, і пуцёўка абыдзецца танней. І людзі гэтаму верылі.

Акрамя таго, крымінальная справа (па матэрыялах праверкі) была ўзбуджаная ў дачыненні кіраўніка іншай турыстычнай мінскай фірмы — «Совпольда». Як паказваюць вынікі праведзенай праверкі, генеральная дырэктарка турфірмы з сакавіка па чэрвень 2010 года, злоўжываючы службовымі паўнамоцтвамі, на падставе аказання турыстычных паслуг здзейсніла крадзеж больш як 37,4 млн. рублёў, якія належаць розным грамадзянам Беларусі. У ГУУС Мінгарвыканкама адзначылі, што на адрозненне ад дырэктаркі фірмы «Рестмаркет», кіраўніца турфірмы «Совпольда» не уцякла ад следства і абяцала ўсім пацярпелым вярнуць сродкі.

Да апошняга часу праваахоўныя органы не спяшаліся ўзбуджаць крымінальную справу ў дачыненні да дырэктаркі «Совпольда», і ўсе ўзаемаадносіны кампаніі з пацярпелымі турыстамі вырашаліся выключна праз грамадзянскі суд.

Аднак падчас правядзення дадатковай праверкі ў дзеяннях дырэктаркі «Совпольда» быў выяўлены склад крымінальна каральных дзеянняў. Праўда, не махлярства, як у прыведзеным вышэй выпадку, а крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі, здзейснены ў асабліва буйным памеры. Дадзеныя дзеянні падпадаюць пад юрысдыкцыю ч.4 арт.210 КК Беларусі, санкцыі якой прадугледжваюць ад 5 да 12 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці, паведамілі ў ГУУС.

Как вам новость?