У КДБ дапыталі дэпутата райсавета

07.02.2011 10:11
Архив Редакция

У суботу, 5 лютага, актывіста незарэгістраванай партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" Аляксея Цюлькова, які з'яўляецца даверанай асобай экс-кандыдата ў прэзідэнты Віталя Рымашэўскага і дэпутатам Асіповіцкага райсавета, дапыталі ў мясцовым КДБ. Допыт доўжыўся больш за дзве гадзіны, па выніках быў складзены адпаведны пратакол. 

Раніцай 4 лютага Аляксею Цюлькову патэлефанаваў прадстаўнік асіповіцкага міжраённага аб’яднання УКДБ Магілёўскай вобласці Вадзім Марозаў і паведаміў, што актывісту неабходна з’явіцца на допыт. На гэта давераная асоба Віталя Рымашэўскага адказаў, што з’яжджае ў камандзіроўку і наогул не збіраецца нікуды ісці без позвы. Увечары, пасля вяртання з камандзіроўкі, Аляксей Цюлькоў знайшоў у сваёй паштовай скрыні позву на 5 лютага ў 10:00, паведамляе прэс-служба БХД.

У ходзе допыту апазіцыянера папярэдзілі, што ў яго ёсць права не даваць паказанняў супраць сябе. Супрацоўнікі КДБ пыталіся дэпутата пра падзеі 18 — 19 снежня 2010 года, падчас збору подпісаў за Віталя Рымашэўскага і правядзенні перадвыбарчых сустрэч кампаніі былога кандыдата ў прэзідэнты. Дапытчыкаў таксама цікавілі паездкі Аляксея Цюлькова за мяжу.

У дзень прэзідэнцкіх выбараў актывіста БХД затрымалі ў маршрутным таксі ў Рудзенску, калі той планаваў ехаць у сталіцу. На пытанне аб мэтах паездкі і асобах, што запрасілі яго ў Мінск, Аляксей Цюлькоў адказваць адмовіўся.

Не так даўно адбылася пазапланавая сесія Асіповіцкага раённага Савета дэпутатаў. У яе ходзе Аляксея Цюлькова, выбранага дэпутатам у савет, калегі назвалі «амаральным», паколькі той прымаў удзел у зборы подпісаў за Віталя Рымашэўскага, а таксама спрабаваў ўдзельнічаць у масавых дэманстрацыях пасля выбараў у Мінску.

Как вам новость?
Головоломки