У Кобрыне ў час "маўклівай акцыі" галоўную плошчу мылі пад дажджом

30.06.2011 10:03
Архив Редакция

Нягледзячы на дрэнныя ўмовы надвоор'я, ўвечары 29 чэрвеня ва ўсіх рэгіёнах Беларусі прайшлі акцыі маўклівай салідарнасці, арганізаваныя актывістамі "Рэвалюцыі праз сацыяльныя сеткі". Пры гэтым у шматлікіх гарадах у 19:00, заяўлены час пачатку акцыі, мясцовымі ўладамі на цэнтральных плошчах былі арганізаваны розныя мерапрыемствы. Так, у Кобрыне Берасцейскай вобласці ў гэты час мылі плошчу — нягледзячы на праліўны дождж.

У Горадні на вуліцы горада выйшлі каля 1,5 тыс. жыхароў. Яны прайшлі калонай ад плошчы Леніна да вакзала. Цэнтральныя плошчы пры гэтым былі ачэпленыя, перадае «Вячэрні Гродна».

У Берасці на плошчы Леніна перад будынкам Берасцейскага аблвыканкама таксама наладзілі своеасаблівы канцэрт — тут у цэнтры абнесенай чырвонай стужкай плошчы рэпетаваў гарадскі аркестр.

У Віцебску на цэнтральнай плошчы 29 чэрвеня гарадскія ўлады арганізавалі акцыю «Беларусь маладая», прысвечаную заканчэння навучальнага года, таму ў прызначаны час плошча таксама апынулася ачэпленая.

У Бабруйску, дзе 29 чэрвеня адзначаюць Дзень горада, галоўную плошчу таксама абнеслі турнікетамі. На свяце прысутнічалі галоўны ідэолаг горада Аляксандр Маркачоў і кіраўнік гарвыканкама Дзмітры Бонахаў. Людзі, якія прыйшлі на плошчу для ўдзелу акцыі маўклівай салідарнасці, паспрабавалі пагаворыць з прадстаўнікамі гарадскіх улад. Аднак, не атрымаўшы адказаў на зададзеныя пытанні, людзі «запляскалі» чыноўнікаў, пасля чаго ўдзельнікі акцыі мірна разыйшліся, перадае «Еўрапейскае радыё ў Беларусі».

У «маўклівым пратэсце» беларусаў падтрымалі і жыхары Масквы. Каля беларускай амбасады сабралася каля 40 людзей з бел-чырвона-белымі сцягамі. Яны пляскалі ў ладкі на знак салідарнасці з беларусамі.

Как вам новость?
Головоломки