У Кодэксе аб шлюбе і сям'і дэпутаты плануюць змяніць 100 артыкулаў

14.04.2011 12:11
Архив Редакция

Згодна з праектам новай рэдакцыі Кодэксу аб шлюбе і сям'і, які ўнесены на разгляд на вясновай сэсіі парламенту, плануецца ўнесці змены ў 100 артыкулаў кодэксу. Пра гэта паведаміў старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Уладзімір Андрэйчанка. У ліку новаўвядзенняў — усталяванне максімальнай розніцы паміж усынавіцелем і ўсынаўляным у 45 гадоў.

Заканадаўцы таксама прапануюць унесці некаторыя папраўкі ў працэдуры заключэння шлюбу. Так, плануецца дазволіць маладым заключаць шлюб не праз 15 дзён пасля падачы заявы ў ЗАГС, а раней — праз тры дні. Таксама плануецца дазволіць праводзіць цырымонію шлюбу за межамі ЗАГСаў, напрыклад, у памятных гістарычных месцах.

Адпаведнае рашэнне плануе зацвердзіць Савет міністраў. Акрамя таго, згодна з праектам дакументу, шлюб можна будзе заключыць у любым ЗАГСе рэспублікі, а не толькі па месцы рэгістрацыі, перадае БелТА.

Таксама прапануецца ўнесці папраўкі ў палажэнні, якія тычацца органаў судовай сістэмы. Да прыкладу, пры скасаванні шлюбу суд будзе абавязаны вызначаць, з кім застанецца дзіця пасля разводу, а таксама парадак удзелу аднаго з бацькоў, які будзе пражываць асобна, у выхаванні дзіцяці і памер аліментаў. Згодна з праектам дакумента, усё гэта не будзе залежаць ад згоды бацькоў, калі толькі паміж бацькамі не заключана пагадненне аб дзецях або шлюбная дамова, якую будзе ўлічваць суд.

Как вам новость?