У Крамлі станоўча ацанілі позву Беларусі па пошлінах

26.03.2010 13:20
Архив Редакция

У Крамлі станоўча ацанілі факт звароту Беларусі ў Эканамічны суд СНД з позвай пра неправамоцнасць збірання мытных пошлін на нафтапрадукты, якія пастаўляюцца з Расіі ў Беларусь, паведаміла крыніца ў адміністрацыі прэзідэнта РФ. "Гэта добры прыклад таго, што міждзяржаўныя пытанні павінны вырашацца не метадамі ціску ці піяру, а цывілізаваным шляхам", — сказаў прадстаўнік Крамля.

«Мяркуючы па ўсім, у Крамлі задаволеныя і тым, што прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка не стаў палітызаваць праблему, і на гэты раз яе рашэннем будуць займацца тыя службоўцы, якім гэта прызначана па родзе дзейнасці», — цытуе газета «Время новостей» словы крамлёўскай крыніцы.

У сваю чаргу, ва ўрадзе Расіі мяркуюць, што разгляд справы «ў судзе можа зацягнуцца, у той час як двухбаковыя перамовы прывялі б да скарэйшага выніку», распавёў іншы суразмоўца расійскага выдання.

Крыніца таксама спаслалася на мінулыя ў Брэсце перамовы Рады міністраў Саюзнай дзяржавы, адзначаючы, што «ў абодвух бакоў ёсць выразнае разуменне перспектыў». «Як толькі інтэграцыйны працэс дойдзе да фармавання Адзінай эканамічнай прасторы Расіі, Беларусі і Казахстана, пытанне разам з пошлінамі адпадзе само сабой», — паведаміла крыніца ў расійскім урадзе.

Расійскі эксперт: падача позвы нелагічная толькі на першы погляд

Акрамя таго, як мяркуе дырэктар расійскага Інстытута энергетыкі і фінансаў Уладзімір Фейгін, падача позвы «нелагічная толькі на першы погляд». «Гэта прэвентыўная мера. Яна неабходна для таго, каб у ліпені, калі пачне функцыянаваць Мытны саюз і будуць ухілены ўсе пошліны, не паўстала ніякіх выняткаў і адмысловых выпадкаў, як цяпер з нафтай ці раней з газам», — распавёў эксперт, дадаўшы, што, атрымаўшы рашэнне Эканамічнага суда СНД, Мінск зможа забяспечыць сабе стабільны рэжым паставак.

Эканамічны суд СНД прыняў позву Беларусі да Расіі па пошлінах

Эканамічны суд СНД зарэгістраваў позву Беларусі да Расіі пра неправамоцнасць збірання мытных пошлін на нафтапрадукты. Пра гэта паведаміў прэс-сакратар суда Ўладзімір Віннік.

«Далейшыя дзеянні будуць адбывацца ў адпаведнасці з рэгламентам Эканамічнага суда СНД», — адзначыў прэс-сакратар суда, паведамляе РІА «Новости».

У сваю чаргу, кіраўнік сакратарыята суда Грач’я Сіманян паведаміў пра тое, што «тэрміны разгляду позвы пасля яе паступлення могуць скласці ад паўгода і больш». «Калі не спатрэбяцца выпатрабаванні дадатковых дакументаў па дадзенай позве, дык суд можа разгледзець справу і ў тэрміны каля паўгода», — сказаў кіраўнік сакратарыята суда.

Грач’я Сіманян падкрэсліў таксама, што «гэта справа будзе для суда новай і могуць спатрэбіцца дадатковыя дакументы да позвы Беларусі».

Как вам новость?