У красавіку ў Беларусі запрацуе спадарожнікавая сістэма дакладнага пазіцыянавання

15.02.2011 11:26
Архив Редакция

Рэспубліканская спадарожнікавая сістэма дакладнага пазіцыянавання (ССДП) будзе дзейнічаць у Беларусі, пачынаючы з красавіка 2011 года. Пра гэта было заяўлена падчас сустрэчы кіраўніка Дзяржкамітэта па маёмасці Беларусі Георгія Кузняцова і дырэктара кантракту Нацыянальнай адміністрацыі Швецыі па картаграфіі, кадастры і рэгістрацыі «Lantmateriet» Карла-Эрыка Сольшэра.

Георгі Кузняцоў выказаў падзяку прадстаўнікам Швецыі за дапамогу ў стварэнні беларускай сеткі ССДП, паведамілі ў Дзяржкамітэце па маёмасці.

Швецыя ахвяравала на беларускую сістэму 180 тыс. еўра

Для рэалізацыі сумеснага праекту «Падтрымка развіцця дадатковых функцый сістэмы кіравання нерухомасцю ў Рэспубліцы Беларусь» Швецыя, у прыватнасці, вылучыла каля 180 тыс. еўра на закупку прымачоў GPS/GLONAS.

Сістэма будзе выкарыстоўвацца для дакладнага пазіцыянавання (вызначэння каардынатаў) пры дапамозе спадарожнікавага прымача па назіраннях навігацыйных спадарожнікаў. Сетку геадэзічных пунктаў, на якіх устаноўлена падобнае спадарожнікавае геадэзічнай абсталяванне, ужо стварылі ў Мінскай вобласці.

«На дадзены момант у краіне дзейнічае 17 станцый, якія прымаюць сігналы глабальных навігацыйных спадарожнікавых сістэм ГЛОНАС (РАСІЯ) і GPS (ЗША). Яны перадаюць атрыманую інфармацыю ў вылічальны цэнтры, якія яе апрацоўваюць і перадаюць спажыўцам. Апошнія, выкарыстоўваючы GPS/ГЛОНАС абсталяванне, выконваюць каардынатна-часавыя і навігацыйныя вымярэнні. Падобная інфармацыя патрэбная для правядзення геадэзічных і зямельна-кадастравых працаў, пошукаў і будаўніцтва дарог, лінейных збудаванняў і іншых аб’ектаў, для правядзення аэрафотаздымак, навігацыі і дыспетчарызацыі транспартных сродкаў», — распавялі ў Дзяржкамітэце па маёмасці.

Сістэма дазваляе вылічыць дакладныя каардынаты любога аб’екта, напрыклад, падземных камунікацый альбо мяжы зямельных участкаў з дакладнасцю да аднаго — пяці сантыметраў. Выкарыстанне сістэмы выключае шматлікія памылкі пры праектаванні і будаўніцтве аб’ектаў, паколькі вымярэнні здзяйсняюцца ў адзінай сістэме каардынатаў Беларусі. Так, за 2011-2012 гады ў краіне плануецца завяршыць стварэнне планавай картаграфічнай асновы маштабам 1:10000 ва ўніфікаваным выглядзе ўсёй тэрыторыі рэспублікі.

Как вам новость?
Головоломки