У Кітаі адкрылі СП па зборцы самазвалаў БелАЗ

11.10.2010 16:02
Архив Редакция

У Кітаі адкрылі зборачную вытворчасць і сэрвісны цэнтр кар'ерных самазвалаў БелАЗ. Ва ўрачыстай цырымоніі адкрыцця сумеснага беларуска-кітайскага прадпрыемства ТАА "АВІК-БелАЗ Кар'ерныя машыны" ўзяў удзел прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.

Заснавальнікамі сумеснага прадпрыемства выступілі ААТ «БелАЗ» і кітайская карпарацыя «КАЦІК Сэплай», якая ўваходзіць у склад Кітайскай карпарацыі авіяцыйнай прамысловасці. СП было зарэгістравана ў верасні 2009 года. Ужо ў студзені 2010 года прадпрыемства пачало рэалізоўваць кар’ерную тэхніку на кітайскім рынку ў якасці эксклюзіўнага дылера ААТ «БелАЗ». За дзевяць месяцаў 2010 года СП выйграла шэсць з 12 тэндэраў на агульную суму паставак 35,9 млн. даляраў, перадае БелТА.

Паводле слоў прэзідэнта Беларусі, адкрыццё сумеснага прадпрыемства з’яўляецца чарговай вяхой плённага супрацоўніцтва Беларусі і Кітая. «БелАЗ — гонар беларускага машынабудавання. Гэта брэнд, знакаміты ва ўсім свеце. Наша кар’ерная тэхніка выдатна зарэкамендавала сябе ў многіх краінах, у Кітаі добра вядомая яшчэ з 60-х гадоў мінулага стагоддзя», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

«Яшчэ пяць месяцаў таму на гэтым месцы быў пусты ўчастак. А сёння мы адкрываем тут новае перспектыўнае прадпрыемства. Такая хуткасць працы сапраўды ўражвае! Можна сказаць, узяты добры старт. Бо добры пачатак — гэта гарантыя поспеху», — падкрэсліў беларускі лідар на цырымоніі адкрыцця СП.

Лукашэнка: у СП ёсць магчымасць выйсці на іншыя азіяцкія рынкі

Звяртаючыся да кіраўнікоў прадпрыемства, прэзідэнт Беларусі адзначыў, што ў хуткай будучыні СП трэба будзе пастаўляць прадукцыю не толькі ў Кітай. На думку Аляксандра Лукашэнкі, для заваёвы новых рынкаў у краінах Азіі ў СП ёсць усё неабходнае — сучасныя тэхналогіі, высокакваліфікаваны персанал і напрацаваныя сувязі з партнёрамі.

Разам з тым, як паведаміў генеральны дырэктар ААТ «БелАЗ» Пётр Пархомчык, асноўнай мэтай стварэння беларуска-кітайскага СП з’яўляецца зборка машын грузападымальнасцю ад 25 да 55 тон, суправаджэнне машын, навучанне кітайскіх спецыялістаў, а таксама лакалізацыя асобных элементаў з мэтай зніжэння выдаткаў на беларускія кар’ерныя самазвалы, што дазволіць больш канкурэнтаздольна выглядаць на рынку Кітая. Экспарт у Кітай за 2010 год складзе каля 30 млн. даляраў.

Пётр Пархомчык падкрэсліў, што дадзенае сумеснае прадпрыемства бакі стварылі на ўмовах роўнага ўдзелу Беларусі і Кітая. Акрамя таго, гендырэктар ААТ «БелАЗ» адзначыў, што гэта першыя інвестыцыі прадпрыемства ў краіны далёкага замежжа.

У сваю чаргу генеральная дырэктарка сумеснага прадпрыемства Сюй Тао падкрэсліла, што тэхніка БелАЗ добра зарэкамендавала сябе на кітайскім рынку. «Мы спадзяемся, што наш бізнэс будзе паспяхова развівацца, і мы выйдзем з нашай тэхнікай на іншыя рынкі. Гэта якасная і недарагая прадукцыя. У нас ёсць канкурэнты, але мы не баімся», — заявіла Сюй Тао.

Как вам новость?
Головоломки