У Купалаўскім тэатры больш не будуць паказваць "Тутэйшых" Пінігіна

01.06.2010 12:55
Архив Редакция

Загадчык літаратурнай часткі Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы Ігар Скрыпка паведаміў, што п'еса Янкі Купалы "Тутэйшыя", пастаўленая вядомым рэжысёрам Мікалаем Пінігіным "зусім і назаўсёды" знята з рэпертуару тэатра.

«Па-першае,»здохлі» дэкарацыі. Па-другое, састарэлі артысты. І, па-трэцяе, састарэў сам спектакль. Наколькі я ведаю, Мікалай Пінігін вяртацца да гэтага спектакля не будзе. Увосень мінулага года міністр культуры Павел Латушка цікавіўся у Пінігіна , ці плануецца аднаўленне «Тутэйшых». Пінігін сказаў, што не», — распавёў Ігар Скрыпка «Народнай Волі».

Загадчык ліатартурнай часткі тэатра нагадаў, што Віктару Манаеву, які граў галоўнага героя п’есы Мікіту Зносака, у жніўні будзе 52 года, а яго герою — 25-28. На думку Ігара скрыпкі, каб вярнуць гэты спектакль, трэба ўводзіць абсалютна новых актораў і практычна зрабіць новую пастаноўку.

Сам рэжысёр Мікалай Пінігін сцвярджае, што як мастак не хоча вяртацца да гэтага спектаклю, нягледзячы на тое, што нават намеснік міністра культуры Уладзімір Рылатка прапаноўваў вярнуць «Тутэйшых». У той жа час Мікалай Пінігін не супраць, калі які-небудзь малады рэжысёр захоча зрабіць сваю пастаноўку п’есы Янкі Купалы на сцэне Нацыянальнага тэатра.

Спектакль «Тутэйшыя» па п’есе Янкі Купалы быў пастаўлены Мікалаем Пінігіным ў 1990 годзе. У 1992 годзе п’еса атрымала Дзяржаўную прэмію Беларусі. У фінале «Тутэйшых» паднімаўся бел-чырвона-белы сцяг, лічыцца, што менавіта таму каля дзесяці гадоў таму былі спробы міністэрства культуры прыбраць «палітычны» спектакль з рэпертуару. Паўтара гады спектакль быў фактычна забаронены. Прыкладна ў 2002 годзе Мікалай Пінігін аднавіў спектакль. У выніку п’еса некалькі разоў то прападала са сцэны, то зноў вярталася.

Але цяпер рэжысёр сцвярджае, што «сёння няма ніякіх праблемаў з гэтым спектаклем».

Как вам новость?
Головоломки