У кватэрах мінскіх неплацельшчыкаў пачалі блакаваць каналізацыю

29.07.2010 14:54
Архив Редакция

У Мінску ў дзвюх кватэрах у доме № 9 па вуліцы Карбышава за шматмільённую запазычанасць за камунальныя паслугі было заблакавана водаадвядзенне. Гэты новы спосаб уздзеяння на неплацельшчыкаў плануюць актыўна выкарыстоўваць у будучыні, паведаміў генеральны дырэктар ГА "Мінская гарадская жыллёвая гаспадарка" Уладзімір Раянтовіч.

Паколькі ў дадзеных кватэрах раней ужо былі адключаныя гарачая вада, электраэнергія і газ, камунальнікі вымушаныя былі пайсці на скрайнюю меру. Для гэтага працаўнікі гарадской аварыйнай службы апусцілі ў адтуліну каналізацыйнага стаяка на даху дома шматметровы зонд з відэакамерай і маніпулятарам на канцы, які ўстанавіў заглушкі на водаадводах ў кватэрах неплацельшчыкаў, перадае агенцтва «Мінск-Навіны».

Спецыяльнае прыстасаванне, коштам у пяць мільёнаў рублёў, набылі ў Кіеве. Там такі спосаб уздзеяння на даўжнікоў ужо даказаў сваю эфектыўнасць, распавёў Уладзімір Раянтовіч.

На сённяшні дзень каля 2,6 тыс. уласнікаў і наймальнікаў кватэраў маюць запазычанасць па аплаце камунальных паслуг больш за тры месяцы. Многія з іх, па словах кіраўніка Мінскай гарадской жыллёвай гаспадаркі, у стане пагасіць запазычанасць, але не хочуць ці забываюць гэта зрабіць.

Менавіта ў кватэрах такіх грамадзянаў будуць здзяйсняць блакаванне каналізацыі. Кожную адключаную кватэру жыллёвыя службы возьмуць пад жорсткі кантроль, каб не дапусціць антысанітарыю.

Для разблакоўкі сістэмы водаадвядзення трэба будзе часткова ці цалкам пагасіць асноўны доўг па камунальных плацяжах. Таксама давядзецца пакрыць выдаткі за выкананую працу па адключэнні і падключэнні ў памеры 110 тыс. рублёў.

Как вам новость?