У Літве студэнта асудзілі за вандалізм на месцы памяці ахвяраў тэракту ў Мінску

18.04.2011 13:01
Архив Редакция

У ноч з 14 на 15 красавіка каля беларускай амбасады ў Вільні 19-гадовы студэнт Кароліс Г., знаходзячыся пад уздзеяннем алкаголю, пінаў свечкі, запаленыя ў памяць аб ахвярах выбуху ў мінскім метро. У той жа дзень трэці гарадскі суд прызнаў маладога чалавека вінаватым у вандалізме і прысудзіў яго да абмежавання волі тэрмінам на адзін год.

Згодна з прысудам, сваімі дзеяннямі малады чалавек выказаў непавагу не толькі да памяці ахвяраў тэракту, але і да людзей, якія ўшанавалі іх памяць.

Кароліса Г. арыштавалі ў 04:50, узровень алкаголю ў яго крыві складаў 2,19 праміле. Студэнт цалкам прызнаў сваю віну і раскайваецца. Малады чалавек распавёў, што ноччу разам з сябрам знаходзіўся ў адным з клубаў, дзе ўжываў брэндзі і старку, а пад раніцу вяртаўся дадому пешшу і праходзіў міма амбасады, перадае DELFI.

«Я ішоў за сябрам. Нагой ударыў па свечках, разбіў тры-чатыры шкляныя падсвечнікі, яшчэ некалькі ўпалі. Я вельмі шкадую, што так паводзіўся, думаю, я паступіў так, бо быў п’яны», — заявіў Кароліс Г. у судзе.

«Абвінавачаны прызнаў, што разумеў, што свечкі запаленыя ў памяць аб ахвярах тэракту, нягледзячы на гэта, ён наўмысна штурхнуў іх. Гэта ён здзейсніў у публічным месцы — на вуліцы каля амбасады Беларусі. (…) Такія яго паводзіны расцэньваецца як нахабныя і прыраўноўваюцца да вандалізму», — адзначыў суд.

На працягу года Кароліс Г. не зможа змяняць месца жыхарства без дазволу суда або ведамства, якое будзе сачыць за выкананнем пакарання. Студэнт абавязаны знаходзіцца дома з 22:00 да 06:00, парушыць рэжым яму можна будзе толькі ў тым выпадку, калі гэта спатрэбіцца для вучобы. Таксама за паўгода ён павінен адпрацаваць 60 гадзін ва ўстанове аховы здароўя, апекі або ў няўрадавай арганізацыі, якая дапамагае інвалідам ці пажылым людзям.

Как вам новость?
Головоломки