У Літве ствараецца прадстаўніцтва беларускіх палітвыгнаннікаў

24.01.2011 17:23
Архив Редакция

Члены штабоў былых кандыдатаў у прэзідэнты Беларусі Уладзіміра Някляева і Андрэя Саннікава збіраюцца заснаваць у Вільні адмысловую палітычную структуру ў выгнанні, у якую будуць уваходзіць розныя апазіцыйныя арганізацыі. З такой прапановай яны звярнуліся да паслоў ЕС, якія знаходзіліся ў літоўскай сталіцы ў дзень інаўгурацыі Аляксандра Лукашэнкі.

На дадзены момант пад зваротам стаяць подпісы давераных асобаў Уладзіміра Някляева Алега Мяцеліцы і Ігара Каваленкі, кіраўніка мінскага штаба экс-кандыдата Юрыя Алейніка, актывіста «Маладога Фронту» Кірыла Атаманчыка і члена ініцыятыўнай групы Андрэя Саннікава Паўла Марыніча, паведамляе беларускі «Ежедневник».

Па словах Алега Мяцеліцы, асноўнай мэтай прапановы з’яўляецца стварэнне палітычнай структуры, у якую ўваходзілі б прадстаўнікі ўсіх перадвыбарных штабоў экс-кандыдатаў у прэзідэнты, якім давялося з’ехаць з Беларусі. Такую арганізацыю зручна стварыць у Вільні, паколькі горад знаходзіцца недалёка ад Мінску, у ім ёсць Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт, Беларускі дом правоў чалавека і беларуская дыяспара.

Як ужо перадаваў Тэлеграф, інаўгурацыя беларускага прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі адбылася 21 студзеня. Раней прэс-сакратар кіраўніка дыпламатыі Еўрасаюза Кэтрын Эштан Майя Касьянчыч заявіла, што амбасадары краін Еўрасаюза ў Беларусі не будуць удзельнічаць у цырымоніі інаўгурацыі кіраўніка краіны Аляксандра Лукашэнкі. Паводле яе слоў, гэта выказвае пратэст супраць фальсіфікацыі выбараў, разгону масавых дэманстрацый у снежні і арышты прадстаўнікоў апазіцыі.

Таксама паведамлялася, што амбасадары краін Еўрасаюза выехалі з Мінску на час правядзення цырымоніі. Вядома, што часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Майкл Скэнлан 21 студзеня адправіўся з афіцыйным візітам у Горадню, каб адкрыць фотавыставу «Амерыка вачыма беларусаў».

Как вам новость?
Головоломки