У Магілёве адкрылі "жаночае" таксі

20.04.2011 14:19
Архив Редакция

У Магілёве пачало працу таксі, якое перавозіць выключна жанчын і дзяцей. Кіроўцамі машын таксама з'яўляюцца жанчыны. Пра гэта паведаміла дырэктарка фірмы Таццяна Паласухіна. Арганізацыя прапануе і іншыя новыя паслугі ў сферы пасажырскіх перавозак: "аўта-няня" (перавозка дзяцей без суправаджэння дарослых), "бусел" (дастаўка маці і дзіцяці з радзільні), "шопінг".

Фірма таксама займаецца дастаўкай кветак і падарункаў (паслуга «кур’ер»), перагонкай аўтамабіляў («цвярозы кіроўца») і перавозкай жывёл («у дарогу з жывёламі»).

«Усе машыны ў нас — іншамаркі. Восем ўжо працуюць, дзве афармляюцца. Да нас у таксі можа ўладкавацца любая жанчына векам ад 25 гадоў з уласным аўто. Стаж кіравання работніц павінен быць каля трох гадоў, дапускаецца нават два гады. Галоўнае, каб дзяўчына добра вадзіла машыну, упэўнена адчувала сябе за рулём. Гэта ж вялікая адказнасць — вазіць людзей», — распавяла дырэктарка фірмы.

Паводле яе слоў, ідэя адкрыць таксі спецыяльна для жанчын паўстала для забеспячэння бяспекі пасажырак. «Пасажыры-дзяўчаты, па іх словах, не заўсёды знаходзяць паразуменне з кіроўцам таксі. Часам нават заканчваецца тым, што іх высаджваюць незразумела ў якім месцы. Каб пазбегнуць такіх сітуацый мы і вырашылі стварыць у Магілёве «жаночае» таксі», — цытуе Таццяну Паласухіну БелТА.

Кошт паслуг, што аказваюцца яе фірмай, не адрозніваецца ад коштаў іншых магілёўскіх кампаній па пасажырскіх перавозках.

Как вам новость?
Головоломки