У Магілёве электраэнергію будуць вырабляць са смецця

13.08.2010 10:33
Архив Редакция

Пад Магілёвам на месцы палігону для побытавых адкідаў да канца года плануюць пабудаваць газапоршневую ўстаноўку, якая будзе выпрацоўваць электраэнергію са смецця. Пасля запуску машыны сметнік будзе прыносіць прыбытак, лічыць начальнік абласнога ўпраўлення па наглядзе за рацыянальным выкарыстаннем паліўна-энергетычных рэсурсаў Тадэвуш Юрэвіч.

Пад такімі палігонамі назбірваецца вялікая колькасць газу, на якім зможа працаваць спецыяльная ўстаноўка. Для гэтага прасвідруюць свідравіны, збудуюць калектар, па якім пад ціскам будуць падаваць сабраны газ. Па словах Тадэвуша Юрэвіча, магутнасць машыны складзе 1 мегават, што суразмерна колькасці электраэнергіі, спажыванай невялікім раённым цэнтрам. Устаноўку нямецкай вытворчасці падключаць да наяўных сетак, у якія такім чынам будзе падавацца дадатковы ток, перадаюць «Магілёўскія ведамасці».

Падпісанне кантракту з нямецкім бокам знаходзіцца ў стадыі завяршэння. У верасні-кастрычніку на сметніку пачнуцца неабходныя працы. Плануецца, што міні-электрастанцыя будзе здадзена ў эксплуатацыю ўжо сёлета. Смеццевага газу на палігоне, як лічаць энергетыкі, павінна хапіць прыкладна на 10 гадоў. Потым збудаваную канструкцыю можна будзе разабраць і выкарыстоўваць у іншым месцы.

Цяпер спецыялісты думаюць, як забяспечыць ўстаноўцы больш высокі ККД. Акрамя электрычнасці яна будзе выпрацоўваць і цяпло. У сувязі з гэтым плануецца побач з новым агрэгатам пабудаваць цяпліцы, сушылкі ці яшчэ нейкі «цеплалюбівы» аб’ект.

Как вам новость?
Головоломки