У Магілёве на "акцыі маўчання" збіралі подпісы за ўзнагароджанне Лукашэнкі

23.06.2011 10:31
Архив Редакция

У цэнтры Магілёву 22 чэрвеня ў ходзе  акцыі маўклівай салідарнасці, якая стала ўжо традыцыйнай, адзін з актывістаў незалежнага прафсаюза РЭП Аляксей Паўлоўскі збіраў подпісы за ўзнагароджанне прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі і кіраўніка Нацбанка Пятра Пракаповіча медалямі "Герой Беларусі". Па словах актывіста, гэтыя дзяржаўныя дзеячы "заслугоўваюць медалёў за поспехі ў палітыцы і эканоміцы".

У акцыі маўклівага пратэсту ў Магілёве па прыблізных ацэнак праваабаронцаў узялі ўдзел каля 300 чалавек. Сярод прысутных на цэнтральнай плошчы горада былі прадстаўнікі мясцовых апазіцыйных арганізацый і партый (сацыял-дэмакратычнай і Аб’яднанай грамадзянскай партыі ў Беларусі), перадае БелаПАН.

Між тым, у раёне плошчы Леніна адначасова з несанкцыянаванай акцыяй, ініцыяванай актывістамі інтэрнэт-супольнасці «Рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі», праходзіла акцыя актывістаў БРСМ, прымеркаваная да Дня памяці і смутку 22 чэрвеня.

«Людзі апладзіравалі — БРСМ раздаваў буклеты ў сувязі з тым, што сёння памятная дата. Вось і ўсё. Я адказваю за ахову грамадскага парадку. Таму я ведаю, што БРСМ праводзіў акцыю ў гонар памятнай даты», — распавёў начальнік аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі Ленінскага раёна Магілёву Андрэй Мажанкоў.

Пра акцыю маўклівай салідарнасці, па словах міліцыянта, яму нічога не вядома. У той жа час большасць прысутных на пляцоўцы каля крамы «Лявоніха» ў раёне галоўнай плошчы горада, па іх словах, узялі ўдзел менавіта ў акцыі, арганізаванай сацыяльнымі сеткамі.

Акрамя таго, як распавёў праваабаронца Барыс Бухель, акцыю салідарнасці падтрымалі і аўтамабілісты, падаючы гукавыя сігналы, праязджаючы ў раёне плошчы. Пры гэтым супрацоўнікі ДАІ імкнуліся перапісваць нумары аўтамабіляў. Аб затрыманнях ў Магілёве не паведамляецца.

Как вам новость?
Головоломки