У Мытным саюзе запрацаваў адзіны пералік прадукцыі для сертыфікацыі

14.07.2010 12:03
Архив Редакция

У Мытным саюзе Беларусі, Расіі і Казахстана пачаў дзейнічаць адзіны пералік прадукцыі, якая падлягае абавязковай сертыфікацыі адпаведнасці з выдачай адзіных дакументаў. Пра гэта 14 ліпеня на семінары "Тэхнічнае рэгуляванне ў Мытным саюзе" расказаў старшыня Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі Беларусі Валерый Карашкоў.

«Дзейнічаць адзіны пералік прадукцыі будзе на працягу пераходнага перыяду да 1 студзеня 2012 года, калі пачнуць працаваць адзіныя тэхнічныя рэгламенты Мытнага саюза. Разам з тым, магчыма і аптымізацыя гэтага тэрміну», — цытуе Валерыя Карашкова БелТА.

Па словах старшыні Дзяржкамітэта па стандартызацыі, у дадзены пералік увайшоў 151 від тавараў. «Да верасня гэтага года камісіяй Мытнага саюза прынята рашэнне аб уніфікацыі гэтага пераліку. Такім чынам, з 1 студзеня 2011 года пералік будзе павялічаны да 205 пазіцый. Гэты пералік — не застылы дакумент, па ім вядзецца вялікая праца», — падкрэсліў Валерый Карашкоў.

Дадзены пералік сфармаваны на падставе нацыянальных пералікаў прадукцыі, якая падлягае абавязковаму пацвярджэнню адпаведнасці ў краінах Мытнага саюза, адзначыў Валерый Карашкоў. «Пералік уключае прадукцыю, у дачыненні да якой адсутнічае адзіны тэхнічны рэгламент, — сказаў старшыня Дзяржстандарту. — Таму цяпер у краінах Мытнага саюза ўстаноўлены аднолькавыя абавязковыя патрабаванні, аднолькавыя формы і схемы пацвярджэння адпаведнасці, прымяняюцца таксама аднолькавыя або супастаўныя метады даследаванняў (выпрабаванняў) і вымярэнняў. У выніку гэта дае магчымасць бізнэсу спакойна працаваць».

Валерый Карашкоў таксама падкрэсліў, што тыя сертыфікаты і дэкларацыі, якія былі выдадзеныя вытворцам раней у нацыянальных сістэмах, дзейнічаюць да заканчэння ўстаноўленага тэрміну. «Такім чынам, адзіны пералік не адмяняе дзеянне нацыянальных пералікаў, а з’яўляецца альтэрнатывай для ўдзельнікаў бізнэсу», — падсумаваў Валерый Карашкоў.

Как вам новость?