У Мінскай вобласці пачалі ўбіраць ураджай па начах

22.07.2010 15:49
Архив Редакция

Мінская вобласць, паскараючы тэмпы жніва, прыступіла да начной уборкі ўраджаю. Пра гэта паведаміў старшыня камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Мінаблвыканкама Іван Шматко. "Хлеб знаходзіцца ў стадыі поўнай спеласці, што дазваляе праводзіць працы ў начны час. Так, днём усе сілы кінутыя на ўборку яравых пасеваў, ноччу - азімых, дзе гэта дазваляюць умовы", - сказаў Іван Шматко.

Прадстаўнік Мінаблвыканкама адзначыў, што ў хлебаробаў ёсць надзея на добры ўраджай. «Аграрыі разлічваюць атрымаць каля 2,3 млн. тон збожжа ў бункернай вазе і апраўдаць званне галоўнай жытніцы краіны», — цытуе Івана Шматко БелТА.

«Вынікі ўборачнай будуць залежаць ад умення арганізаваць палявыя працы, а таксама ўмоваў надвор’я. Цяпер у сувязі са спёкай не ўсюды назіраецца нармальны наліў каласоў, засуха адбіваецца на выніках намалоту, асабліва ў паўднёвых раёнах — Любанскім, Салігорскім, Старадарожскім, Слуцкім», — сказаў старшыня камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Мінаблвыканкама.

Па словах Івана Шматко, таксама ўскладняюць уборку палеглыя хлябы. «У залежнасці ад раёна паляганне праз моцныя злівы і ўраганы складае 40-50% плошчаў, — сказаў Іван Шматко. — У вобласці няма праблемаў з тэхнічным абсталяваннем гаспадарак, за апошнія гады значна абноўлены камбайнавы парк, да гэтага жніва таксама набыта сучасная тэхніка. Думаю, што мы справімся. Цяпер галоўнае — якасць і аператыўнасць працы». У вобласці пастаўлена задача да 1 жніўня пераадолець мільённую мяжу па намалоце збожжа, дадаў прадстаўнік Мінаблвыканкама.

На 22 ліпеня ў сталічным рэгіёне ўбрана каля 72,7 тыс. гектараў, што складае 12,5% запланаванай плошчы. Намалочана амаль 229,3 тыс. тон збожжа пры ўраджайнасці 31,7 цэнтнера з гектара.