У мінскім Тэатры оперы і балета адбыўся незвычайны канцэрт

23.06.2010 15:40
Архив Редакция

Падчас унікальнага прадстаўлення з назвай "На крылах песні", якое адбылося 22 чэрвеня ў малой зале мінскага Тэатра оперы і балета, былі сабраны песні з операў розных эпох — Рымскага-Корсакава, Вэрдзі, Бізэ, Чайкоўскага, Гершвіна — у выкананні салістаў тэатра.

Ідэя канцэрту належыць піяністцы Таццяне Івановай, якая акампанавала спевакам. У наш час песня, з яе паўтаральнай куплетнай будовай, стала дамінуючым у папулярнай культуры музычным жанрам. Аднак так было не заўсёды: раней кампазітары, якія пісалі вакальную музыку, часцей выкарыстоўвалі такія музычныя формы, як раманс, кантата, арыя, вакаліз і іншыя. Песня ж найбольш шырока выкарыстоўвалася ў народнай музыцы. Аднак і многія буйныя кампазітары таксама звярталіся да жанру песні, пісалі песенныя цыклы і ўстаўлялі асобныя песні ў свае оперы. Менавіта такія творы розных эпох былі падабраны для гэтага канцэрту.

Падчас прадстаўлення гучалі як шырока вядомыя і любімыя песні («Хабанэра» з оперы Бізэ «Кармэн», «Песенька Герцага» з оперы Вэрдзі «Рыгалета» і іншыя), так і менш вядомыя. У прыватнасці, опера Грачанінава «Дабрыня Нікіціч» ў нашы дні практычна не ставіцца; тым цікавей было пачуць з яе «2-ю песню Алёшы Паповіча» ў выкананні Юрыя Балацько.

Маладая спявачка з Кітая Хао Дзынь прадставіла «Песню Ень-Ень» з першай кітайскай оперы Хань-Гуан «Рака чырвонага лісця». Налоечы адбыўся дэбют гэтай артысткі ў оперы Вэрдзі «Набука», нядаўна пастаўленай на сцэне Вялікага тэатра Міхаілам Панджавідзэ.

Алег Гардынец (бас) і Андрэй Марозаў (барытон) з уласцівай гэтым творам магутнасцю выканалі, адпаведна, «Песню варажскага госця» і «Песню ведэнецкага госця» з оперы «Садко» Рымскага-Корсакава. Вобразы дзікіх воінаў, якія выражаюцца гэтымі песнямі, былі выдатна ўвасоблены імі ў акторскім і вакальным выкананні.
Алена Сіняўская ўразіла гледачоў віртуознасць выканання складанай «Песні шамаханскай царыцы» з оперы Рымскага-Корсакава «Залаты пеўнік». «Гэта таксама песня», — адзначыў вядоўца і рэжысёр канцэрту Алег Мельнікаў, — «Але хто з беларускіх эстрадных дзіваў вырашыцца яе праспяваць?»

Завяршыў канцэрт сваім імпэтным выступленнем заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Віктар Стральчэня, выканаўшы песні з опер Лысенкі, Паліяшвілі і Туранкова.

У малой зале Вялікага гледачы знаходзяцца ў непасрэдным кантакце з выканаўцамі, усяго толькі ў некалькіх метрах ад іх. Гэтая камернасць адрознівае такія вечары ад спектакляў у вялікай зале, дзе спевакоў аддзяляе ад гледача Аркестравая яма і вялкая прастора. Таму такія канцэрты ўяўляюць асаблівы інтарэс для аматараў класічнай вакальнай музыкі.

«У нашы дні, калі ўсё вакол сінтэтычнае, нават ежа», — сказаў назаканчэнне вядоўца канцэрту Алег Мельнікаў, — «опера застаецца адзіным месцам, дзе можна пачуць жывы голас, які ідзе ад сэрца».

Аўтар: Яўген Увядзенскі

Как вам новость?
Головоломки