У Мінску 15 снежня ўключаць ілюмінацыю цэнтральных навагодніх елак

15.12.2010 14:43
Архив Редакция

З 15 снежня цэнтральныя навагоднія елкі Мінску запаляць агні. У гэтым годзе іх будзе дзесяць — на адну больш, чым летась, паведаміў галоўны інжынер УП "Мінгарсвятло" Алег Глушанкоў. Святочную ілюмінацыю ў горадзе ўключаць традыцыйна напярэдадні каталіцкага Раства — 24 снежня. Святочныя агні будуць гарэць таксама 25 і 31 снежня, 1-2 студзеня, 6-7 студзеня і 13 студзеня.

Сёлета цэнтральныя елкі ў Мінску ўсталявалі каля Лядовага палаца, Дома ўрада, «Мінск-Арэны», каля Нацыянальнай бібліятэкі, Палаца спорту, Мінскага дзяржаўнага палаца дзяцей і моладзі, каля будынка Мінгарвыканкама, у паркавай зоне ўздоўж вуліцы Любімава, каля гандлёвага цэнтра «Макісмус» на вуліцы Сухараўская і на Кастрычніцкай плошчы. Гірлянды на іх будуць гарэць да 24:00 13 студзеня, перадае БелТА.

Алег Глушанкоў распавёў, што ў гэтым годзе кардынальна змянілі ўбранне елкі на Кастрычніцкай плошчы. Цяпер яе ўпрыгожваюць 250 буйных поўнакаляровых цацак — навагоднія свечкі, банты, званочкі, зоркі, металічныя шары і каралі памерам ад 80 сантыметраў да 1,2 метраў.

Разам са святочнымі елкамі цэнтральныя вуліцы Мінску таксама ўпрыгожаць новыя аб’ёмныя формы з падсветкай. Каля будынка гарадской ратушы выбудаваная аб’ёмная дэкаратыўная зіхоткая кампазіцыя, на пляцоўцы каля Палаца спорту — мястэчка Дзеда Мароза, а побач з «Мінск-Арэнай» — светлавыя фантаны.

Як распавёў начальнік бюро дызайну ГА «Мінскрэклама» Сяргей Глухаў, новыя святочна ўпрыгожаныя пляцоўкі з’явяцца і ў спальных раёнах сталіцы. Па словах чыноўніка, акцэнт зроблены на афармленне новабудоўляў, гандлёвых цэнтраў.

Как вам новость?