У Мінску ў 2012 годзе плануюць увесці электронную аплату праезду

14.07.2010 12:58
Архив Редакция

У Мінску ў 2012 годзе плануецца ўвесці сістэму электроннай аплаты праезду ў грамадскім транспарце. Пра гэта паведаміў 14 ліпеня намеснік старшыні Мінгарвыканкама Аляксандр Барысенка. Па словах намесніка старшыні, гэта прадугледжана гарадской праграмай развіцця аўтаматызаванай сістэмы кантролю аплаты праезду (АСКАП), якая рэалізуецца паэтапна.

«На першым этапе мяркуецца апаратнае забеспячэнне усяго рухомага саставу як наземнага, так і падземнага транспарту. У метро фактычна гэты працэс завершаны, неўзабаве будзе ўведзены адзіны электронны білет у сістэме метрапалітэна», — расказаў Аляксандр Барысенка, перадае БелТА.

Што тычыцца аўтобусаў, тралейбусаў і трамваяў, то да канца 2010 года, па словах намесніка старшыні Мінгарвыканкама, мяркуецца ўсталяваць тэрміналы, а за наступны год — спецыяльныя прыборы, якія дазваляюць счытваць інфармацыю з электронных картак і вызначаць кошт праезду.

«Саму сістэму адзінага праязнога білета плануем укараняць з 2012 года, паколькі пакуль не створана неабходнае апаратнае забеспячэнне. Але самае галоўнае — трэба растлумачыць людзям, каб яны маральна рыхтаваліся да новаўвядзення ў сістэме камунальнага транспарту», — сказаў Аляксандр Барысенка.

У Мінску з’явіцца іміджавы трамвайны маршрут

Акрамя таго, Аляксандр Барысенка таксама паведаміў пра тое, што ў хуткім часе ў Мінску з’явіцца іміджавы трамвайны маршрут, па якім пусцяць самыя сучасныя беларускія трамваі вытворчасці «Белкамунмаша», каб у дзеянні прадэманстраваць гасцям сталіцы магчымасці гэтага прадпрыемства.

«Такую лінію плануецца арганізаваць у мікрараён Серабранка. Мінчукі ўжо маглі ўбачыць на вуліцах два трамваі новага пакалення, плануецца пусціць яшчэ адзін», — расказаў намеснік старшыні.