У Мінску актыўнасць ілжэсацпрацаўнікоў не збаўляе тэмпаў

24.08.2010 12:33
Архив Редакция

У Мінску за няпоўных восем месяцаў гэтага года зарэгістравана больш за тры дзясяткі злачынстваў, учыненых нібыта супрацоўнікамі сацыяльных і камунальных службаў. Пра гэта распавялі ў ГУУС Мінгарвыканкама. У якасці прыкладу ў ГУУС прывялі раскрытую нядаўна мінскімі міліцыянтамі серыю крадзяжоў у пажылых гараджан.

Так, яшчэ ў лютым гэтага года ў Маскоўскае РУУС з заявамі звярнуліся дзве пенсіянеркі, у госці да якіх наведвалася адна і тая ж маладая жанчына, якая прадстаўлялася супрацоўнікам ЖЭСа. Пасля яе візітаў з кватэраў пенсіянерак былі выкрадзеныя 80 тыс. і больш за мільён рублёў адпаведна. Праз пару месяцаў злодзейку затрымалі, расказалі ў ГУУС Мінгарвыканкама.

Як высветлілася на следстве, уся тактыка зламысніцы будавалася на залішняй даверлівасці і наіўнасці пажылых людзей, гатовых пайсці на кантакт з першым сустрэчным, не патрабуючы ў таго прад’яўлення адпаведных дакументаў, якія сведчаць  пра асобу і прыналежнасць да пэўнай арганізацыі.
У сувязі з гэтым у міліцыі нагадалі пажылым мінчукам аб элементарных мерах засцярогі.

Варта памятаць, што ў пераважнай большасці выпадкаў ні адна сацыяльная служба не накіруе свайго працаўніка да жыхароў без яго папярэдняй заяўкі. Сацслужбы альбо запрашаюць жыхара да сябе, альбо накіроўваюць спецыяліста па заяўцы самога жыхара. Выключэнне складаюць працаўнікі мінгаза, якія без выкліку жыхара могуць з’явіцца на парозе яго кватэры. У такім выпадку алгарытм дзеянняў грамадзяніна вельмі просты: у кожнай кватэры ёсць кніжка, у якой пазначаны кантактныя тэлефоны дадзенай службы. Патэлефанаваўшы па іх, вы можаце даведацца, ці накіроўвалі да вас менавіта гэтага спецыяліста.

Таксама не варта адкрываць дзверы сваіх кватэр незнаёмым людзям, нават калі яны прадстаўляюцца сацыяльнымі работнікамі, службоўцамі ЖЭС ці энерганагляду. У сувязі з гэтым неабходна падкрэсліць, што, як правіла, пенсіянеры ведаюць у твар сацпрацаўнікоў або паштальёнаў, якія іх абслугоўваюць. У іншых службовых асобаў абавязкова павінны быць дакументы, якія пацвярджаюць іх прыналежнасць да той ці іншай установы.

Акрамя таго, не варта дазваляць візітантамі хадзіць па пакоях без вас. Перад тым як упусціць, паклічце каго-небудзь з суседзяў. Яны дапамогуць прыгледзець за гасцямі, якія цалкам рэальна могуць апынуцца злачынцамі. Просьба прынесці вады, вядома ж, нікога не абцяжарыць. Але ж менавіта на гэта і робяць стаўку злодзеі. Памятайце, што страта пільнасці ўсяго толькі на некалькі секунд можа згуляць на руку зламысніку і пацягнуць за сабой ўчыненне ў адносінах да вас злачынства, распавялі ў міліцыі.

Как вам новость?
Головоломки