Суд Ленінскага раёну Мінску вынес абвінаваўчы прысуд участковай лекарцы-тэрапеўту адной са сталічных паліклінік і яе пацыенту за незаконнае абарачэнне наркотыкаў. Лекарку абвінавацілі ў атрыманні хабару і дапамозе ў набыцці псіхатропных рэчываў. Жанчыну прысудзілі да трох гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці, але з улікам састарэлага ўзросту далі адтэрміноўку на два гады. Пацыента за дачу хабару, падробку дакументаў і незаконнае набыццё наркотыкаў асудзілі на чатыры гады абмежавання волі.
Як растлумачыў прэс-афіцэр Ленінскага РУУС Уладзімір Кухарчык, 28-гадовы мінчук-наркаман звярнуўся «з недвухсэнсоўнай просьбай палегчыць пакуты да ўчастковай лекаркі-тэрапеўта».
«Яна ўвайшла ў становішча і выпісала рэцэпт на набыццё 40 таблетак «трамадола», атрымаўшы за паслугу 20 тыс. рублёў. Трохі покарпеўшы з набытым рэцэптам, малады чалавек унёс змены ў графу з колькасцю таблетак. Цяпер замест 40 штук ў незаконным медыцынскім дакуменце значылася колькасць 140″, — распавёў Уладзімір Кухарчык.
У ходзе следства супрацоўнікі Ленінскага РУУС высветлілі, што падобныя махінацыі лекарка і пацыент паўтарылі дзесяць разоў.