У Мінску, Магілёве і Гомелі пабіты тэмпературныя рэкорды

19.07.2010 11:49
Архив Редакция

Нядзеля, 18 ліпеня, сталася самым гарачым днём гэтага лета ў Беларусі. Максімальная тэмпература паветра дасягала +31-34°C, а ў Гомельскай і месцамі ў Берасцейскай вобласці — 35-36 градусаў. Самая высокая тэмпература — 35,6°C — была зарэгістравана на метэастанцыі "Кастрычнік" і "Васілевічы" ў Гомельскай вобласці. Пры гэтым у Гомелі, Мінску і Магілёве былі пабіты тэмпературныя рэкорды.

У іншых абласных цэнтрах Беларусі рэкорды пабіты не былі. У цэлым па краіне максімальная тэмпература паветра ні ў адным з населеных пунктаў не была ніжэйшай за 30 градусаў. Аднак абсалютны рэкорд дня 36,7°C, усталяваны ў 2007 годзе ў Лельчыцах Гомельскай вобласці, пабіты не быў, перадае БелаПАН.

У Мінску рэкорд дня склаў 32,9°C. Папярэдні рэкорд, роўны 31,6°C, быў усталяваны ў гэты дзень у 2007 годзе. Абсалютны тэмпературны рэкорд ліпеня для Мінску быў зарэгістраваны ў 1936 годзе. Ён складае +35°C, і, такім чынам, пакуль пабіты не быў, заявіла галоўны сіноптык Рэспубліканскага гідраметэацэнтра Вольга Фядотава, перадае БелТА.

У Магілёве тэмпературны максімум быў перакрыты яшчэ 17 ліпеня. Тады паветра ў горадзе прагрэлася да 32,7°C. Папярэдні рэкорд тэмпературы ў Магілёве ўсталяваўся ў 1951 годзе і склаў плюс 32,1 градуса.

Таксама 17 ліпеня тэмпературны рэкорд быў пабіты ў Гомелі. Тут паветра прагрэлася да +35 градусаў, перавысіўшы на 1,8 градуса ранейшы максімум дня, усталяваны ў 2001 годзе.

Как вам новость?
Головоломки