У Мінску на гэтым тыдні ў дамах могуць уключыць ацяпленне

04.10.2010 10:35
Архив Редакция

Ацяпленне ў мінскіх дамах можа быць уключана на гэтым тыдні, паведаміў начальнік аддзелу энергетыкі Мінгарвыканкама Анатоль Лаўнічук. Паводле яго слоў, у аўторак, 5 кастрычніка, у Мінгарвыканкаме адбудзецца пасяджэнне працоўнай групы, на якім будзе разгледжана пытанне аб пачатку ацяпляльнага перыяду ў жылым фондзе сталіцы.

«Усё залежыць ад умоваў надвор’я. Калі надвор’е пагоршыцца, то ацяпленне ўключым на гэтым тыдні», — сказаў начальнік аддзелу, пры гэтым дадаўшы, што, па прагнозах сіноптыкаў, пацяплення на гэтым тыдні не прадбачыцца, перадае БелТА.

Паводле яго дадзеных, сярэднесуткавая тэмпература вонкавага паветра не перавысіла нарматыў, які дае падставу для пачатку ацяпляльнага сезону ў дамах (сярэднесуткавая тэмпература вонкавага паветра на працягу пяці дзён павінна складаць восем градусаў цяпла), «вінаватая» — цёплая субота.
 
«Прагноз сіноптыкаў на наступныя тры дні ў нас ёсць. Фронт з поўначы прынясе холад, але холад закране горад часткова», — сказаў Анатоль Лаўнічук, падкрэсліўшы, што ніхто не будзе затрымліваць ўключэнне цяпла ў дамах, усё будзе выканана ў адпаведнасці з нарматывамі.

«Мы будзем глядзець не на каляндар, а на тэрмометр», — адзначыў начальнік аддзелу. У сувязі з гэтым Анатоль Лаўнічук таксама распавёў, што ў гэтым годзе ацяпленне ў дзіцячых садках, школах і лякарнях Мінску было ўключана на тыдзень раней, чым у мінулым годзе, — 1 кастрычніка (у 2009 годзе — 5 кастрычніка).

Как вам новость?