У Мінску пабудуюць палігоны для выпрабавання трансгенных раслінаў

25.10.2010 09:27
Архив Редакция

У Беларусі на працягу бліжэйшых двух гадоў плануюць цалкам абсталяваць два палігоны для выпрабавання трансгенных раслін. Пра гэта 22 кастрычніка паведаміў дырэктар інстытута генетыкі і цыталогіі Нацыянальнай акадэміі навук (НАН) Беларусі, член-карэспандэнт НАН, прафесар Аляксандр Кільчэўскі і дадаў, што абодва палігоны будуць размешчаны на тэрыторыі Мінску.

Адзін палігон уладкуюць на доследным полі інстытута генетыкі і цыталогіі НАН, другі — на тэрыторыі навукова-практычнага цэнтру НАН па бульбаводстве і плодагародніцтве. На палігонах плануюць выпрабоўваць трансгенныя расліны, створаныя беларускімі навукоўцамі: бульбу беларускага гатунку «дэльфін», устойлівую да грыбных патагенаў, і генетычна мадыфікаваныя расліны лёну-даўгунцу, выведзеныя сумесна з НАН Украіны, перадае БелаПАН.

Як адзначыў Аляксандр Кільчэўскі, пакуль трансгенныя расліны існуюць па-за навакольным асяроддзем, у прабірках, аднак за два гады плануецца поўнасцю абсталяваць палігоны для іх выпрабаванняў. «Гэта будзе агароджанае поле, на якім будзе прадугледжаны ўчастак для захоўвання спецыяльнай тэхнікі для знішчэння ўсіх раслінных рэшткаў», — сказаў дырэктар інстытута. Паводле слоў спецыяліста, неабходнае для палігонаў абсталяванне ўжо куплена.

Аляксандр Кільчэўскі запэўніў, што выпрабаванні трансгенных раслін будуць праводзіцца з улікам выканання патрабаванняў біябяспекі, прадугледжаных беларускім заканадаўствам.

Как вам новость?
Головоломки