У Мінску пачалася платная вакцынацыя супраць грыпу

13.09.2010 16:20
Архив Редакция

У паліклініках Мінску, а таксама ў гарадскім цэнтры вакцынапрафілактыкі, некаторых медыка-санітарных частках і медцэнтрах пачалі вакцынацыю супраць грыпу на платнай аснове. Пра гэта паведаміла загадчыца эпідэміялагічнага аддзелу Мінскага гарадскога цэнтру гігіены і эпідэміялогіі Алена Фісенка.

У гэтым годзе медыкі выкарыстоўваюць французскія вакцыны «Ваксігрып», расійскія «Гриппол Плюс» і нямецкія «Флюарыкс». Кошт прышчэпкі ў залежнасці ад выкарыстанай вакцыны і іншых умоў вар’юецца ў межах 25 — 60 тыс. рублёў. Па словах Алены Фісенкі, гэтыя вакцыны апошняга пакалення ўтрымліваюць асобныя фрагменты вірусу, якія адказваюць за выпрацоўку ў чалавека імунітэту, перадае БелТА.

Паводле ацэнак медыкаў, платную вакцынацыю ў 2010 годзе ў Мінску пройдуць каля 160 тыс. чалавек. У той жа час за бюджэтныя сродкі ў Мінску плануюць вакцынаваць 210 тыс. чалавек. Бясплатна будуць рабіць прышчэпкі людзям з высокай рызыкай развіцця цяжкіх постгрыпозных ускладненняў (напрыклад, з рознымі хранічнымі захворваннямі сардэчнасудзістай, дыхальнай і іншых сістэм, старэйшыя за 65 гадоў) і заражэння грыпам (медыцынскія працаўнікі, супрацоўнікі аптэк і ўстаноў кругласуткавага знаходжання).

Для гэтых катэгорый грамадзян за сродкі рэспубліканскага бюджэту ўжо закупілі 70 тыс. вакцын. Яшчэ 140 тыс. вакцын прафінансуе гарадскі бюджэт. Для бясплатнай вакцынацыі будуць выкарыстоўваць вакцыну «Флюваксін» кітайскае вытворчасці. Па словах Алены Фісенкі, першая партыя прэпарата ўжо паступіла ў Беларусь, у цяперашні момант яна праходзіць працэдуру афармлення. Спецыялістка таксама паведаміла, што бясплатныя прышчэпкі насельніцтву з групаў рызыкі пачнуць рабіць ужо праз тыдзень.

Спецыялісты прагназуюць, што эпідэмія грыпу традыцыйна пачнецца ў Мінску ў студзені-лютым. Тым не менш, медыкі не выключаюць, што ўздым эпідэміі можа сфармавацца ўжо ў снежні.

Как вам новость?
Головоломки