У Мінску пачалося будаўніцтва новага спартова-аздараўленчага цэнтра

05.07.2010 17:28
Архив Редакция

У Мінску пятага ліпеня пачалося будаўніцтва новага шматфункцыянальнага спартова-аздараўленчага цэнтра ў мікрараёне Каменная Горка. Аб'ект, плошчай 24 гектары, ўзводзіць сталічны футбольны клуб "СКВІЧ".

Спачатку будзе пабудаваны стадыён са штучным пакрыццём апошняга пакалення з падагрэвам і трыбунамі на шэсць тыс. месцаў. Як адзначыў старшыня асацыяцыі «Беларуская федэрацыя футболу» Генадзь Нявыглас, ён будзе адказваць усім патрабаванням УЕФА. Побач з арэнай будуць створаныя два штучныя трэніровачныя полі стандартных памераў з падагрэвам, гатэль і бізнэс-цэнтр. Увод гэтых аб’ектаў у дзеянне плануецца ў канцы 2012 года, паведамляе БелТА.

Затым пачнецца будаўніцтва крытага шматфункцыянальнага манежа, дзе акрамя стандартнага футбольнага поля размесцяцца тэнісныя корты, гульнявыя пляцоўкі, гандлёва-забаўляльны, медыцынскі і спа-цэнтры, выставачны комплекс.

У лістападзе 2010 года пачнецца будаўніцтва гарадоў-спадарожнікаў Мінску

Будаўніцтва першых двух гарадоў-спадарожнікаў Мінску пачнецца ў лістападзе 2010 года, паведаміў старшыня Мінгарвыканкама Мікалай Ладуцька.

«Мы плануем ў лістападзе пачаць працу па дзвюх тэрыторыях гарадоў-спадарожнікаў. А ў наступнай пяцігодцы — яшчэ па двух гарадах-спадарожніках», — заявіў мэр. У сувязі з гэтым Мікалай Ладуцька даручыў ДВА «Мінскбуд» і адміністрацыі Партызанскага раёна Мінску, якія распрацоўвалі планы асваення тэрыторыяў першых двух гарадоў-спадарожнікаў, даць справаздачу на гэтым тыдні аб праведзенай у гэтым напрамку працы.

Узвядзенне першага горада-спадарожніка ў Смалявічах курыруе гарадзенскі праектны інстытут. Будаваць яго будуць арганізацыі ДВА «Мінскбуд». Усяго мяркуецца ўзвесці каля 200 тыс. квадратных метраў жылля (дамы вышынёй ад пяці да дзевяці паверхаў). Адміністрацыя ж Партызанскага раёна адказная за будаўніцтва пасёлка індывідуальных жылых дамоў на ўчастку зямлі ў 500 гектараў у раёне Кургана Славы. Будаўніцтва гарадоў-спадарожнікаў прадугледжвае таксама стварэнне ўсёй неабходнай сацыяльнай (школа, дзіцячыя сады, паліклініка) і інжынерна-транспартнай інфраструктуры.

На прыкладзе першых двух гарадоў-спадарожнікаў эксперты спраўдзяць, наколькі такое жыллё будзе запатрабавана ў мінчукоў. Але, як лічыць старшыня камітэта архітэктуры і горадабудаўніцтва Мінгарвыканкама Віктар Нікіцін, механічна жыхароў сталіцы нельга прымусіць пераехаць у прыгарад. Павінна быць важкая матывацыя. «Калі на прапанаваных тэрыторыях ўмовы не будуць хаця б роўныя умовам сталіцы, то нічога з гэтай задумы не выйдзе. Альбо гэтае жыллё павінна давацца на больш ільготных умовах», — заявіў ён.

Акрамя Смалявічаў, гарадамі-спадарожнікамі Мінску плануецца зрабіць Заслаўе, Лагойск, Дзяржынск.

Сёння плошча Мінску складае прыкладна 350 квадратных кіламетраў. Да 2030 года яна павялічыцца да 550 квадратных кіламетраў. Паводле генплану, далей горад тэрытарыяльна развівацца не будзе. Колькасць насельніцтва Мінску не павінна перавысіць 2 млн. чалавек, а штогадовыя аб’ёмы будаўніцтва жылля — не больш як 1,2 млн. квадратных метраў. У сувязі з гэтым, улічваючы вострую жыллёвую праблему, улады горада вырашылі накіраваць фінансавыя і будаўнічыя рэсурсы на асваенне тэрыторый, прылеглых да горада, г.зн. гарады-спадарожнікі.

Как вам новость?