У Мінску п'яны ўгоншчык пакінуў у машыне-ахвяры пашпарт

12.05.2010 14:54
Архив Редакция

Нецвярозы жыхар мястэчка Свіслач Мінскай вобласці падчас няўдалай спробы скрасці машыну ў Мінску страціў у ёй свой пашпарт. Як паведаміла прэс-афіцэр Цэнтральнага РУУС Мінска Кацярына Лісоўская, 20-гадовы зламыснік прыехаў у сталіцу, каб сустрэцца з сябрамі, аднак уначы не змог з'ехаць дахаты.

«Як водзіцца, пагулялі, выпілі, карацей добра правялі час. Госць сталіцы сам не заўважыў, як надышла ноч. Дахаты ехаць было позна, балазе ў горадзе жыве дзядуля, але да яго таксама трэба было неяк дабрацца. На таксі грошай ужо не заставалася, таму наш нецвярозы герой прыдумаў нестандартнае рашэнне праблемы — угон», — расказаў прадстаўнік праваахоўных органаў.
Спробаў крадзяжу малады чалавек зрабіў тры: спачатку ён не змог узламаць Fiat, затым не здолеў завесці грузавік «ЗІЛ», а апошняй ягонай «ахвярай» быў мікрааўтобус Iveco, гаспадар якога знёс акумулятар дадому. «Стаміўшыся ад пакут, выкрадальнік-няўдачнік проста заснуў у аўтобусе, а прачнуўшыся на досвітку, вылез з машыны і накіраваўся ў бок дому, гэтым разам аўтаспынам», — адзначыла Кацярына Лсоўская.
«Устанавіць асобу 20-гадовага злачынца для міліцыянераў аказалася справай нескладанай. У адной з машын ён страціў свой… пашпарт. Праз ужо некалькі гадзін з маладым чалавекам гутарылі супрацоўнікі крымінальнага вышуку Цэнтральнага РУУС. Цяпер у дачыненні да яго ўзбуджана крымінальная справа. Праводзіцца расследаванне», — паведаміла прэс-афіцэр.

Как вам новость?