У Мінску п'яны кіроўца аўтобуса дзве гадзіны вазіў пасажыраў

07.07.2010 12:17
Архив Редакция

У Мінску п'яны 50-гадовы кіроўца аўтобуса, які ледзь трымаўся на нагах, дзве гадзіны вазіў пасажыраў па 79-ым маршруце "Станцыя метро "Аўтазаводская"-"вакзал". Каля 12:00 ён перастаў выходзіць на сувязь з аўтапаркам, а каля 14:00 яго затрымалі супрацоўнікі ДАІ, якіх выклікалі пасланыя на маршрут кантралёры.

«Калі мы спынілі кіроўцу, то прыкметы алкагольнага ап’янення былі навідавоку. У мужчыны была хісткая хада, ён не трымаўся на нагах. Яго тут жа даставілі ў медыцынскую ўстанову для праходжання медасведчання. У яго крыві знаходзілася 1,9 праміле алкаголю, што супастаўна адной бутэльцы гарэлкі», — паведаміў камандзір узвода ДПС АДАІ Ленінскага РУУС Мінску Міхаіл Карніевіч, перадае «Камсамольская праўда ў Беларусіі».

Па словах супрацоўнікаў ДАІ, абодва святочныя дні Іван Мікалаевіч піў. У панядзелак у 06:00 ён выйшаў на працу, дзе яго праверыў лекар. Алкатэст паказаў, што мужчына цвярозы і той без праблемаў выехаў на лінію. «Я спакойна прайшоў праз прахадную, аддаў пуцявыя ліст, пасля чаго мне паставілі ўсе пячаткі», — распавёў кіроўца супрацоўнікам ДАІ. У 11:40 ён заехаў на дыспетчарскую станцыю і там за паўгадзіны паспеў выпіць, пасля чаго вярнуўся на маршрут.

Па словах Івана Мікалаевіча, каля 12:00 ён проста «запіў таблеткі півам». У кожным разе за знаходжанне на працоўным месцы ў стане алкагольнага ап’янення ён быў адразу ж звольнены. Таксама за кіраванне ў нецвярозым выглядзе ён будзе аштрафаваны і пазбаўлены пасведчання на тры гады.

Вядома, што Іван Мікалаевіч — афганец, пасля смерці жонкі адзін выхоўвае дачку. Ягоны стаж кіроўцы складае 20 гадоў, з 2003 года ён працуе ў аўтобусным парку № 6. Ніякіх прэтэнзіяў да гэтага да яго не было.

Следчым трэба высветліць, як п’яны кіроўца быў дапушчаны на працу. Па іх словах, будзе пакараны не толькі кіроўца, але і дыспетчарка, якая дазволіла яму выйсці на маршрут. За халатнасць жанчыне пагражае штраф ад дзвюх да васьмі базавых велічыняў (70-280 тыс. рублёў, або 23-93 даляры).

Па словах супрацоўнікаў ДАІ, у апошні ў Мінску раз п’яны кіроўца грамадскага транспарту быў затрыманы пяць гадоў таму. Тады ў раёне Чэрвеньскага рынку быў спынены кіроўца тралейбуса.

Как вам новость?
Головоломки