У Мінску п'яны кіроўца збіў пецярых чалавек на аўтобусным прыпынку

24.01.2011 12:24
Архив Редакция

У пятніцу, 21 студзеня, каля 19:20 у Мінску на праспекце Незалежнасці па віне п'янага кіроўцы адбылося сур'ёзнае ДТЗ. Мужчына 1964 года нараджэння за рулём аўтамабіля Rover 416 рухаўся з боку вуліцы Каліноўскага ў напрамку кальцавой дарогі, не справіўся з кіраваннем, выехаў за межы праезнай часткі на прыпынак грамадскага транспарту і збіў пецярых чалавек.

Як паведамілі ва ўпраўленні ДАІ ГУУС Мінгарвыканкама, пацярпелых пешаходаў з целавымі пашкоджаннямі рознай ступені цяжкасці даставілі ў лякарню, чатырох з іх ужо адпусцілі на амбулаторнае лячэнне, перадае БелаПАН.

Пасля правядзення медыцынскай экспертызы высветлілася, што кіроўца быў п’яны — у яго крыві выявілі 2,6 праміле алкаголю.

Паводле інфармацыі сталічнай Дзяржаўтаінспекцыі, за мінулыя выходныя (22 — 23 студзеня) у Мінску зафіксавана 187 дарожна-транспартных здарэнняў, у трох з іх пацярпелі людзі. Супрацоўнікі ДАІ за два дні затрымалі 26 нецвярозых кіроўцаў і 24 кіроўцы без правоў на кіраванне транспартным сродкам. За перавышэнне хуткасных рэжымаў руху інспектары прыцягнулі да адказнасці 152 кіроўцы, а таксама 150 пешаходаў за розныя парушэнні. За парушэнне правілаў праезду пешаходных пераходаў пакаранне панеслі 89 кіроўцаў.

Как вам новость?
Головоломки