У Мінску плануюць адкрыць музейны квартал

22.04.2011 10:26
Архив Редакция

Міністэрства культуры Беларусі плануе за 2011 — 2017 гады пабудаваць у Мінску музейны квартал накшталт маскоўскага, амстэрдамскага і венскага. Квартал будзе створаны на базе Нацыянальнага мастацкага музея па перыметры вуліцаў Кірава, Леніна і Маркса. Канцэпцыю праекту ўхваліла беларускае кіраўніцтва.

Працы па арганізацыі музейнага квартала пройдуць у два этапы. Першы — гэта праектаванне, другі ўключае ў сябе будаўніцтва, рэстаўрацыю і прыстасаванне наяўных будынкаў пад музейныя памяшканні, паведамілі ў міністэрстве культуры.

Першы этап пройдзе ў 2011-2015 гады і прадугледжвае праектаванне дэпазітарыя і рэстаўрацыйнага цэнтра ў будынках на вуліцы Кірава, 25, вуліцы Леніна, 20 і 22, а таксама стварэнне прыбудовы да галоўнага корпусу з комплексам дапаможных памяшканняў.

Затым галоўны будынак музея па вуліцы Леніна, 20 злучаць з адміністрацыйным корпусам па вуліцы Леніна, 22, а таксама створаць скульптурны дворык. Акрамя таго, галоўны комплекс і экспазіцыйную прыбудову да будынка адрэстаўруюць і прыстасуюць іх для выкарыстання сучаснымі музейнымі тэхналогіямі.

На другім этапе, які запланаваны на 2012 — 2017 гады, для галоўнага корпуса надбудуюць мансарду, у якой будзе размяшчацца экспазіцыя сучаснага беларускага мастацтва. Таксама на гэтым этапе адрэстаўруюць будынак па вуліцы Маркса, 24 і прыстасуюць яго пад экспазіцыю беларускага народнага мастацтва, кавярні і сувенірныя крамы.

Будынкі, размешчаныя па вуліцах Маркса, 22 і 26, Кірава, 21 і 23, а таксама Леніна, 18, перадаваць у музейны квартал не збіраюцца.

Как вам новость?