У Мінску прайшла канферэнцыя "Бяспечная Беларусь для дзяцей"

26.04.2010 16:10
Архив Редакция

Першая міжнародная канферэнцыя серыі "Бяспечная Беларусь для дзяцей" адбылася ў Мінску 22-23 красавіка 2010 года. Яна праходзіла пад назвай "Развіццё сістэмы абароны дзяцей ад гвалту: нацыянальны і міжнародны досвед". Вынікам мерапрыемства стала стварэнне прафесійнага форуму, удзельнікі якога змаглі не толькі абмяняцца досведам, але і аб'яднаць намаганні, накіраваныя на барацьбу з гвалтам у дачыненні да дзяцей.

«Праблема гвалту  ў дачыненні да дзяцей з’яўляецца вельмі  актуальнай для Беларусі. І хоць у апошні час у скарачэнні яе маштабаў быў дасягнуты шэраг поспехаў, пакуль яшчэ нам не ўдалося карэнным чынам змяніць стан рэчаў, — адзначыў сакратар Камісіі па справах непаўналетніх пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь і спікер канферэнцыі Андрэй Саладоўнікаў. — Аднак трэба ўлічваць, што мы — дзяржаўныя органы — дзейнічаем на тым этапе, калі правапарушэнне ўжо здзейснена. Пытаннем жа папярэджання гвалту ў дачыненні да дзяцей, на мой погляд, надаецца недастатковая ўвага. У прыватнасці, адным з метадаў такога процідзеяння з’яўляецца актыўнае абмеркаванне праблемы ў грамадстве. Я разлічваю, што серыя канферэнцый «Бяспечная Беларусь для дзяцей» стане адпраўной кропкай для разгорнутай дыскусіі на ўсіх узроўнях».

У канферэнцыі прынялі ўдзел больш за 120 чалавек. Беларускі бок быў прадстаўлены спецыялістамі рэспубліканскага, рэгіянальнага і абласнога ўзроўняў. Праблему гвалту ў дачыненні да дзяцей яны абмяркоўвалі з экспертамі з краінаў  Еўрапейскага Саюза, Украіны, Індыі, Расійскай Федэрацыі і ЗША. Асноўнымі тэмамі канферэнцыі сталі генерацыя эфектыўных рашэнняў праблемы гвалту над дзецьмі, сітуацыйны аналіз у вобласці абароны дзяцей ад гвалту, метады аказання дапамогі пацярпелым дзецям, міжнародныя і нацыянальныя механізмы абароны дзяцей ад гвалту.

Старшыня  праўлення МАА  «Понимание» — арганізацыі, якая з’яўляецца арганізатарам канферэнцыі — Андрэй Маханько падчас падвядзення вынікаў мерапрыемства падкрэсліў: «Найважнейшай характарыстыкай гэтай канферэнцыі з’яўляецца выключнаглыбокі прафесійны ўзровень абмеркавання праблемы, які цалкам адпавядае ступені сур’ёзнасці такой тэмы, як гвалт у дачыненні да дзяцей і шляхі яго прадухілення. Гэта дазваляе нам спадзявацца, што вынікі сумеснай працы ўдзельнікаў канферэнцыі, зафіксаваныя ў Рэзалюцыі, знойдуць сваё ўвасабленне ў найважнейшых дзяржаўных дакументах, ажно да іх уключэння ў прэзідэнцкую праграму «Дзеці Беларусі» на 2011-2015 гады. Такое рашэнне з’яўляецца абавязковай умовай эфектыўнасці сумеснай працы прадстаўнікоў профільных ведамстваў, грамадскіх арганізацый і грамадства ў цэлым».

Адным з найважнейшых  дакументаў, распрацаваным удзельнікамі мерапрыемства, стаўся праект Стратэгіі па аказанні дапамогі дзецям, пацярпелым ад гвалту. Яе ключавыя палажэнні таксама знайшлі сваё адлюстраванне ў Рэзалюцыі па выніках канферэнцыі.

Как вам новость?
Головоломки