У Мінску прайшоў мітынг левых сіл

08.11.2010 11:29
Архив

У Мінску 7 лістапада адбыўся мітынг левых сілаў з нагоды святкавання Дня Кастрычніцкай рэвалюцыі. Каля 50 удзельнікаў сабралася каля будынка прэзідыуму Нацыянальнай акадэміі навук, а затым прайшло па вуліцы Сурганава да плошчы Бангалор, дзе ў парку Дружбы народаў і прайшоў мітынг.

У гэты ж дзень прадстаўнікі Камуністычнай партыі Беларусі, ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, прадстаўнікі Беларускай партыі левых «Справядлівы свет», а таксама моладзь урачыста ўсклалі кветкі да помніка Уладзіміру Леніну на плошчы Незалежнасці.

Частка ўдзельнікаў акцыі таксама ўсклала кветкі да помніка заснавальніку Усерасійскай надзвычайнай камісіі Феліксу Дзяржынскаму насупраць будынка КДБ, перадаюць «Беларускія навіны».

Левыя заклікалі да свабодных і справядлівых выбараў

Выступаючы на мітынгу, лідар міжнароднага грамадскага аб’яднання «За Саюз і камуністычную партыю Саюза» Леанід Школьнікаў заявіў, што прэзідэнцкія выбары ў Беларусі павінны прайсці таксама без ўмяшання звонку. «Пакуль мы бачым, што працягваецца грубае ўмяшанне ЗША, Еўрасаюза і алігархічнай Расіі ва ўнутраныя справы Беларусі. Гэта робіцца з мэтай адарваць Беларусь ад брацкага народа Расіі, уцягнуць Беларусь у ЕС і НАТО», — заявіў Леанід Школьнікаў.

У сваю чаргу кіраўнік арганізацыйнага камітэту па стварэнні Нацыянал-бальшавіцкай партыі Беларусі Яўген Контуш адзначыў, што сітуацыя, якая склалася ў Беларусі сёння, падобная на сітуацыю ў Расіі 1917 года.

«Тады ўся ўлада належала купцы людзей, якую змёў народ. Сёння ў нас тое ж самае: чыноўнікі прымаюць законы, не звяртаючы ўвагі на пратэсты грамадства. Яны не выконваюць волю народа, не рэгіструюць арганізацыі, палітычныя партыі, якія складаюць людзі — уласна, народ. Яны ўзурпавалі ўладу», — заявіў Яўген Контуш.

«Нам патрэбныя свабодныя выбары. Няхай выбаршчык сам вырашыць, якая ідэалогія яму бліжэйшая — сацыялістычная, камуністычная ці нацыянал-бальшавіцкая. Няхай народ сам скажа, што яму трэба», — падкрэсліў палітык.

У завяршэнне мітынгу яго ўдзельнікі прынялі рэзалюцыю, у якой адзначаецца, што «сёння няма ў чалавецтва іншага шляху выжыць і жыць годна, акрамя сацыялізму».