У Мінску развіталіся з журналістам Бябеніным

07.09.2010 11:08
Архив Редакция

У Мінску 6 верасня ў зале рытуальных паслуг на вуліцы Альшэўскага, 12 развіталіся з журналістам Алегам Бябеніным. Развітацца з ім прыйшлі журналісты, праваабаронцы, актывісты палітычных партый і рухаў Беларусі, дзеячы культуры. Пахавалі Алега Бябеніна на Усходніх могілках. Прысутныя выканалі беларускі духоўны гімн «Магутны Божа».

Сярод тых, хто прыйшоў развітацца з журналістам былі былы старшыня Вярхоўнага Савета Беларусі Станіслаў Шушкевіч, лідар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта Андрэй Саннікаў, старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Жана Літвіна, лідары Партыі БНФ Віктар Івашкевіч і Вінцук Вячорка, праваабаронцы Алесь Бяляцкі, Таццяна Равяка, Валеры Шчукін, Алег Волчак, кінарэжысёры Юры Хашчавацкі і Алег Дашкевіч, лідар гурта «Крама» Ігар Варашкевіч, старшыня Рады беларускай інтэлігенцыі Уладзімір Колас, лідар кампаніі «Гавары праўду!» Уладзімір Някляеў, сустаршыня аргкамітэту па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Павел Севярынец, лідар Руху «За свабоду» Аляксандр Мілінкевіч і іншыя, перадае БелаПАН.

Па словах Андрэя Саннікава, Алег Бябенін быў цудоўным арганізатарам, «вельмі надзейным чалавекам», які жыў дзеля іншых. «У яго было цудоўнае пачуццё гумару, гэта быў чалавек, які любіў жыццё, і гэта было бачна. У ім было настолькі шмат жыцця, што я не веру ў тое, што ён мог скончыць з сабой», — заявіў палітык.

Як паведаміў Андрэй Саннікаў, яму прыйшла «велізарная колькасць SMS-паведамленняў і тэлефанаванняў з усяго свету». «Людзі былі ўзрушаны, калі ўбачылі прыгожы і адкрыты твар Алега», — сказаў палітык і дадаў, што імя Алега Бябеніна «назаўсёды ўпісана ў гісторыю той Беларусі, якую мы будзем будаваць».

Не верыць у версію самагубства і журналістка сайту «Хартыя’97» Наталля Радзіна. Па яе словах, гэта «не ў духу Бябеніна». «Нельга нават падумаць, што Алег пакончыў з сабою. Ён быў вельмі адказным чалавекам, ён заўсёды прыходзіў на дапамогу. У мяне ў жыцці таксама былі складаныя моманты, і першы, хто прыходзіў да мяне на дапамогу, — гэта Алег. Падумаць аб тым, што ён, нікога не папярэдзіўшы, ні да каго не звярнуўшыся, не падумаўшы аб сваіх сябрах, сваяках, сям’і, аб калегах па працы, здзейсніў такі ўчынак… Гэта проста немагчыма», — сказала Наталля Радзіна.

«На працягу ўсёй кар’еры Аляксандра Лукашэнкі галоўным яго ворагам і самым моцным яго апанентам былі незалежныя сродкі масавай інфармацыі. І ён гэтага не хаваў. Ніколі не было такога персанальнага ціску на палітыкаў, на партыі, арганізацыі, які быў на СМІ і на журналістаў», — заявіла намесніца галоўнага рэдактара газеты «Народная воля» Святлана Калінкіна.

Па яе словах, агульнай рысай сыходу з жыцця шэрагу публічных людзей з’яўляецца нявызначанасць таго, што з імі адбылося. «Усе злачынствы, якія адбываліся, — вельмі подлыя ў гэтым сэнсе. Незразумела, што адбылося: ці то чалавек з’ехаў, ці то яго выкралі, ці то ён разбіўся на машыне, заснуўшы за рулём, ці то яму хтосьці дапамог… Нашы спецслужбы ў гэтым сэнсе — подлыя: яны і не раскрываюць злачынства, і не кажуць, хто вінаваты, і заўсёды пакідаюць шмат пытанняў і абвінавачанняў на адрас апазіцыі, палітыкаў, журналістаў. І ў тым, што адбылося з Алегам Бябеніным, ёсць тая агульная рыса, што звязвае гэтую драму з ранейшымі падзеямі, — гэта тое, што немагчыма сказаць адназначна ні «так», ні «не», — адзначыла Святлана Калінкіна.

Як раней перадаваў Тэлеграф, цела апазіцыйнага журналіста, заснавальніка сайту «Хартыі 97» Алега Бябеніна знайшлі 3 верасня на яго лецішчы пад Мінскам. Генеральная пракуратура Беларусі прыйшла да высновы, што апазіцыйны журналіст Алег Бябенін скончыў жыццё самагубствам. Калегі і родныя Алега Бябеніна не вераць у афіцыйную версію, сцвярджаючы, што для гэтага ў яго не было матываў.

У сувязі з гібеллю беларускага журналіста прэзідэнт Еўрапарламенту Ежы Бузек заклікаў улады Беларусі правесці аб’ектыўнае расследаванне абставінаў і прычынаў смерці журналіста.

Как вам новость?
Головоломки