У Мінску шматдзетныя маці не будуць ездзіць у транспарце бясплатна

02.03.2011 15:46
Редакция

У Мінску адмянілі бясплатныя праязныя білеты для шматдзетных жанчын, узнагароджаных ордэнам маці. Аб гэтым паведаміла намеснік старшыні камітэту па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва Мінгарвыканкама Наталля Праскурава 2 сакавіка на прэс-канферэнцыі ў Мінску.

«Праязныя білеты для шматдзетных маці, узнагароджаных ордэнам маці, аплочваліся з гарадскога бюджэту. У ліпені 2010 года ўступіў у сілу закон «Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні ў Беларусі», у адпаведнасці з якім цяпер гарсавет можа падтрымліваць толькі ветэранаў, пенсіянераў, інвалідаў і дзяцей. Калі шматдзетная маці не адносіцца да адной з гэтых катэгорый, то гарсавет не можа аказваць ёй падтрымку», — цытуе Наталлю Праскураву БелаПАН.

Па словах Чыноўніка, для таго, каб кампенсаваць адмену бясплатных праязных білетаў для шматдзетных маці, з ліпеня мінулага года было вырашана аплочваць бясплатны праезд на грамадскім транспарце школьнікам са шматдзетных сем’яў, дзе выхоўваецца пяцёра і больш дзяцей. Пры гэтым у першай палове снежня мінулага года бясплатны праезд атрымалі ўсе школьнікі, нагадала Наталля Праскурава.

«Пытанне аб бясплатных праязных квітках для шматдзетных маці можа быць вырашана толькі на рэспубліканскім узроўні. 16 сакавіка ў Мінску будзе арганізаваны семінар для Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, на якім старшыня Мінгарвыканкама Мікалай Ладуцька агучыць прапановы па ўнясенні змяненняў у заканадаўчыя акты на рэспубліканскім узроўні», — распавяла Наталля Праскурава. Пры гэтым яна не выключае, што ў іх ліку можа быць пытанне аб бясплатным праездзе на грамадскім транспарце для шматдзетных маці.

«Яшчэ адна праблема для шматдзетных маці — прызначэнне пенсій, — адзначыла чыноўніца. — Жанчына, у якой шмат дзяцей, вялікую частку свайго працаздольнага ўзросту знаходзіцца ў дэкрэтным адпачынку, даход у яе маленькі, у адпаведнасці з ім і пенсія атрымліваецца «мізэрнай».

Наталля Праскурава таксама канстатавала, што на сённяшні дзень у Мінску налічваецца 5,46 тыс. шматдзетных сем’яў, у апошнія гады іх колькасць зменшылася. З 2006 года прынята рашэнне аб уручэнні ордэна маці жанчыне, якая нарадзіла і годна выхавала пяць і больш дзяцей. За пяць гадоў па Мінску ўручана 362 ордэны маці, летась гэтую ўзнагароду атрымала 35 жанчын, нагадала яна.

Как вам новость?
Головоломки

Для обеспечения удобства пользователей сайта используются cookies

15
Посмотреть