У Мінску стварылі грамадскі камітэт у абарону касцёла святога Язэпа

17.11.2010 16:37
Архив Редакция

У Мінску каля касцёла святога Язэпа 17 лістапада грамадскія актывісты аб'явілі аб стварэнні грамадскага камітэту ў абарону храма "Духоўнае сэрца Мінску". Грамадскі камітэт, па словах яго стваральнікаў, мае намер ініцыяваць правядзенне агульнагарадскога рэферэндуму, каб жыхары Мінску самі вызначылі далейшы лёс храма — ці быць там гатэлю, як таго хочуць гарадскія ўлады, або вярнуць касцёл вернікам.

Як стала вядома журналісту Тэлеграфа, камітэт таксама будзе займацца інфармаваннем грамадскасці аб тым, што адбываецца з касцёлам, ініцыяваць грамадскае абмеркаванне аб наяўнай сітуацыі. Акрамя таго, актывісты плануюць весці судовае разбіральніцтва з прадпрыемствам «Мінская спадчына», якое ажыццяўляе незаконную, на іх думку, перабудову касцёла.

«Мы лічым, што ў сэрцы Мінску не месца гандлёва-забаўляльным аб’ектам. Цэнтр павінны стаць духоўным сэрцам горада», — заявілі актывісты.

Падчас прэзентацыі грамадскага камітэту актывісты таксама распаўсюдзілі заяву, у якой выказалі свой пратэст супраць перабудовы касцёла святога Язэпа і кляштара пад гатэльны комплекс. «Згодна з арт. 4 «Закона аб архітэктуры і горадабудаўніцтве», рэканструкцыя гістарычных аб’ектаў павінна ўзгадняцца з грамадскасцю адпаведнага горада. КУП «Мінская спадчына», пачаўшы «рэканструкцыю», а насамрэч разбурэнне манастыра бернардынаў (Мінск, вуліца Кірылы і Мяфодзія, 6, 8), груба парушыла закон. Па пытанні касцёла св. Язэпа і кляштара бернардынаў такога абмеркавання не было. Улады яго «замянілі» фармальным круглым сталом у рэдакцыі газеты «Рэспубліка» 10 жніўня 2007 года», — гаворыцца ў заяве актывістаў.

Нягледзячы на шматлікія акцыі пратэсту грамадскіх актывістаў, «улады ўпарта адмаўляюцца ўлічваць меркаванне грамадскасці, адпраўляючы звычайныя адпіскі», адзначылі арганізатары грамадскага камітэту.

«Заклікаем далучыцца да працы грамадскага камітэту ўсіх неабыякавых людзей. Мы лічым, што цэнтр Мінску належыць усім пакаленням нашай краіны, якія на працягу стагоддзяў яго стваралі, жывуць сёння і будуць жыць заўтра», — гаворыцца ў заяве актывістаў.

Як раней перадаваў Тэлеграф, актывісты апазіцыі праводзяць мірныя акцыі ля касцёла святога Язэпа кожны дзень з 16 верасня, заклікаючы вярнуць храм вернікам. Цяпер там знаходзіцца Нацыянальны архіў, а ў будучыні ўлады плануюць размясціць там гасцінічны комплекс.

Как вам новость?
Головоломки