У Мінску хочуць ўвесці плату за ўезд у цэнтр на аўто

21.06.2010 15:59
Архив Редакция

Мінскія ўлады разглядаюць магчымасць увядзення платы за ўезд аўтамабіляў у цэнтр горада. Пра гэта 21 чэрвеня на аператыўнай нарадзе ў мэрыі паведаміў першы намеснік начальніка інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах па Мінску Уладзімір Лайкоў. "Такая навацыя скіравана на папаўненне гарадскога бюджэту", — сказаў прадстаўнік гарадской падатковай службы.

«У гэтым годзе ў горадзе створаная працоўная група па прыцягненню ў бюджэт дадатковых даходных крыніцаў, — расказаў Уладзімір Лайкоў. — Выпрацаваны шэраг мерапрыемстваў па павелічэнні даходнай часткі бюджэту. І значная частка прапановаў датычыцца найбольш эфектыўнага выкарыстання зямельных рэсурсаў, аб’ектаў нерухомасці Мінску».

Па словах першага намесніка начальніка інспекцыі МПЗ па Мінску, адна з такіх прапановаў і датычыцца спагнання платы за права ўезду ў цэнтральную частку сталіцы транспартных сродкаў. «Лічу, што наспела неабходнасць спагнання плацяжоў у бюджэт за выкарыстанне гарадское прасторы аўтатранспартам», — цытуе Уладзіміра Лайкова БелТА.

Прадстаўнік падатковай службы адзначыў таксама, што міністэрства прыняло рашэнне навесці парадак і ў жыллёва-будаўнічых кааператывах, якія не маюць органаў кіравання і, як следства, не выплочваюць зямельны падатак.

Акрамя таго, па словах Уладзіміра Лайкова, было вырашана правесці інвентарызацыю для выяўлення незарэгістраваных аб’ектаў падаткаабкладання зямельным падаткам, а таксама разгледзець пытанне рэалізацыі з аўкцыёну зямельных участкаў для размяшчэння рэкламы і спагнання за рэкламную прастору штомесячнай платы.

«Зямельныя рэсурсы горада з’яўляюцца найбольш запатрабаванымі ў карыстальнікаў. Значыць павінна быць адпаведная аддача для фінансавання выдаткаў па ўтрыманні горада», — сказаў Уладзімір Лайкоў.

Пры гэтым прадстаўнік гарадской падатковай службы дадаў, што «толькі за кошт эфектыўнага выкарыстання гарадское прасторы, упарадкавання льготаў і пашырэння пераліку аб’ектаў падаткаабкладання бюджэт Мінску да канца гэтага года можа дадаткова атрымаць прыкладна 1,2 трлн. Рублёў (або 397,7 млн. даляраў)».

Как вам новость?