У Мінску за пяць гадоў на стварэнне безбар'ернага асяроддзя выдаткавалі 140,8 млн. даляраў

15.09.2010 17:21
Архив Редакция

У Мінску з 2006 па 2010 гады на стварэнне безбар'ернага асяроддзя ўлады накіравалі 426,2 млрд. рублёў (140,8 млн. даляраў). Пра гэта паведамілі ў камітэце па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінгарвыканкама. Праца ў гэтым кірунку пачалася з моманту зацвярджэння дзяржаўнай праграмы аб безбар'ерным асяроддзі жыццядзейнасці фізічна саслаблых асобаў.

У адпаведнасці з гэтым дакументам, гарадскія службы робяць усё неабходнае, каб інваліды і пажылыя людзі маглі бесперашкодна перамяшчацца па горадзе і без цяжкасці трапляць у будынкі, перадае БелТА.

Так, амаль палова наземнага грамадскага транспарту Мінску з’яўляецца нізкапольным. Мінскі вагонарамонтны завод вырабіў 10 купэйных вагонаў для перавозкі пасажыраў з абмежаванымі магчымасцямі.

Таксама на ўсіх станцыях метрапалітэну нанеслі кантрасныя палосы на лесвічных маршах — яркімі жоўтымі палосамі пазначаныя першыя і апошнія прыступкі пры ўваходзе і ўнутры метрапалітэну, ля эскалатараў.

Да 2015 года на ўсіх станцыях метро ўсталююць ліфты для інвалідаў-вазочнікаў

У 2011-2015 гадах гарадскія ўлады плануюць абсталяваць усе станцыі метро спецыяльнымі ліфтамі для перамяшчэння інвалідаў-вазочнікаў. Там, дзе тэхнічна немагчыма ўсталяваць ліфт, плануюць абсталяваць вертыкальныя або нахільныя пад’ёмнікі. У цяперашні час падобныя пад’ёмнікі ёсць толькі на некаторых станцыях другой лініі метрапалітэну.

Акрамя таго, сумесна з ААТ «Мінскметрапраект» ўлады горада прапрацоўваюць магчымасць устаноўкі на ўваходах і выхадах станцыяў метро радыёінфарматараў напрамкі руху. Гэта неабходна для палягчэння арыентавання сляпых пасажыраў. Таксама плануецца абсталяваць абмежавальныя палосы краю платформы, якія будуць выкананы з кантраснай, рэльефнай кафлі.

Згодна з дзяржпраграмай аб безбар’ерным асяроддзі, да 2011 года на 45% аб’ектах сацыяльнай інфраструктуры Мінску павінен быць забяспечаны бесперашкодны доступ фізічна саслаблым людзям.

У цяперашні час нормы безбар’ернага асяроддзя выконваюцца на больш чым двух тысячах аб’ектаў Мінску (60%). Пандусы, паніжальныя бардзюры і поручні ўсталявалі на аб’ектах адукацыі, аховы здароўя. Акрамя таго, у 2009 годзе для саслаблых людзей у Мінску і Мінскім раёне пачаў вяшчанне тэлеканал «Жэст-ТБ».

Как вам новость?