У Мінску за суткі выпала больш за палову месяцовай нормы ападкаў

05.07.2010 17:18
Архив Редакция

Паводле інфармацыі спецыялістаў Рэспубліканскага Гідраметцэнтра, у мінулыя трое сутак у Беларусі назіралася няўстойлівае надвор'е, а ў сталіцы за апошнія суткі выпала 46 міліметраў ападкаў, што складае 51% месячнай нормы. За апошнія дні на большай частцы тэрыторыі краіны прайшлі дажджы, месцамі прагрымелі навальніцы.

«Чацвертага ліпеня ў асобных раёнах адзначаліся моцныя дажджы, днём па поўдні пры навальніцах умацняўся вецер парывамі да 15-17 м/с. Найбольшая колькасць ападкаў за мінулы перыяд выпала ў Беразіно — 50 мм (56% месячнай нормы) і Мінску — 46 мм ( 51%), прычым у сталіцы толькі за ноч чацьвертага ліпеня выпала 32 мм (36%) «, — паведамляе Белгідраметэацэнтр.

Паводле дадзеных спецыялістаў, амаль 40% месячнай нормы за трое сутак выпала ў Валожыне (34 мм) і Вілейцы (33 мм). Максімальная тэмпература паветра днём вагалася ад +20 па захадзе да +29°С па ўсходзе краіны.

«Мінімальная тэмпература ноччу была +10..+17°С, чацвертага-пятага ліпеня месцамі ва ўсходніх раёнах яна складала +18..+20°С. Мінулай ноччу па паўднёва-заходняй палове рэспублікі ўзнікалі туманы. Сярэднесуткавая тэмпература паветра за 4 ліпеня знаходзілася ў межах +18..+22°С, што ў асноўным на 1-5°С вышэй за кліматычную норму», — гаворыцца ў паведамленні Белгідрамета.

Как вам новость?
Головоломки