У Мінску затрыманым расійцам змянілі абвінавачанне

04.02.2011 12:31
Архив Редакция

Дарадца амбасады Расіі ў Беларусі Вадзім Гусеў са спасылкай на адвакатаў затрыманых паведаміў, што двум затрыманым 19 снежня ў Мінску расійцам, зменена прад'яўленае раней абвінавачанне. Такое рашэнне было прынята беларускім бокам 3 лютага. 

У прыватнасці, у дачыненні да Арцёма Брэуса і Івана Гапонава адменена абвінавачанне па ч. 1 арт. 293 КК Беларусі — арганізацыя масавых беспарадкаў. «На сённяшні дзень расійцам інкрымінуюць толькі злачынства, прадугледжанае часткай 2 артыкула 293 — удзел у масавых беспарадках. Гэтым артыкулам прадугледжана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам ад трох да васьмі гадоў», — сказаў Вадзім Гусеў.

Пры гэтым дарадца пасольства РФ у Беларусі адзначыў, што якіх-небудзь істотных доказаў віны расійскім грамадзянам пакуль не прад’яўлена. «3 лютага затрыманых азнаёмілі з матэрыяламі крымінальнай справы — фатаграфіямі, якія ёсць у следчых органаў і сведчаць толькі пра месцазнаходжанне расійскіх грамадзян на плошчы Незалежнасці 19 снежня сярод іншых удзельнікаў несанкцыянаванага мітынгу, не больш за тое», — сказаў Вадзім Гусеў.

4 лютага расійцы працягнуць знаёміцца з матэрыяламі крымінальнай справы, паведаміў дыпламат.

Як ужо перадаваў Тэлеграф, міністр замежных спраў Расіі Сяргей Лаўроў заявіў 3 лютага, што Масква не будзе закрываць вочы на парушэнне ўладамі Беларусі асноўных правоў і свабод чалавека. Пры гэтым кіраўнік МЗС РФ падкрэсліў, што «Беларусь — наша брацкая краіна, стратэгічны партнёр».

Акрамя таго, расійскі міністр назваў непрымальнымі арышты ў Беларусі, праведзеныя пасля акцыі пратэсту апазіцыі 19 снежня, калі міліцыя затрымала некалькі экс-кандыдатаў у прэзідэнты і грамадзян Расіі, з якіх двое ўсё яшчэ застаюцца пад вартай. «Мы спрабуем атрымаць больш яснасці ў беларускіх калегаў», — сказаў кіраўнік МЗС Расіі.

Как вам новость?