У Мінску збіраюць кроў для пацярпелых ад выбуху ў метро

12.04.2011 12:49
Архив Редакция

Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр гематалогіі і трансфузіялогіі ў Мінску 13 і 14 красавіка прымае кроў для пацярпелых ад выбуху ў метро, які адбыўся напярэдадні. Як паведамілі ў прыёмнай, для таго, каб здаць кроў у цэнтры, пры сабе неабходна мець пашпарт з мінскай прапіскай.

Звычайна для здачы крыві донар таксама павінен прадставіць медыцынскую даведку аб перанесеных захворваннях за апошнія шэсць месяцаў, жанчыны ў дадатак да гэтага павінны таксама падаць даведку ад гінеколага. Аднак з улікам экстранай сітуацыі дадзеныя даведкі ад жадаючых здаць кроў 13 і 14 красавіка патрабаваць не будуць, перадае БелаПАН.

Кроў можна здаць з 08:00 да 14:30 13 і 14 красавіка па адрасе: Даўгінаўскі тракт, 160 (пасёлак Навінкі). Донарамі крыві могуць стаць толькі паўналетнія грамадзяне.

Між тым, дырэктар РНПЦ гематалогіі і трансфузіялогіі Міхаіл Патапнёў 12 красавіка паведаміў, што клінікі, куды былі дастаўлены пацярпелыя пасля выбуху, цалкам забяспечаны донарскай крывёю ў неабходным аб’ёме. Паводле яго слоў, на станцыях пералівання крыві падтрымліваецца чатырохдзённы запас крыві, неабходнай бальнічным установам аховы здароўя. У цяперашні час беларуская служба крыві працуе планава, але ва ўзмоцненым рэжыме.

Как вам новость?