У інтэрнэт-кавярні ў Беларусі перасталі пускаць без пашпарта

02.07.2010 10:13
Архив Редакция

З першага ліпеня гэтага года наведвальнікі інтэрнэт-кавярняў для карыстання Сусветнай сеткай абавязаныя прад'явіць пашпарт або дакумент, які пацвярджае асобу. Ідэнтыфікацыя карыстальнікаў прадугледжана ўказам прэзідэнта № 60 "Аб мерах па ўдасканаленні выкарыстання нацыянальнага сегменту сеткі інтэрнэт", які ўступіў у сілу з пачатку гэтага месяца.

Апошнім часам шмат казалі, што да ўваходу ў інтэрнэт з пашпартам не дойдзе. Дзяржаўныя газеты нават назвалі інфармацыю пра гэта самай галоўнай «вуткай», якая не адпавядае рэчаіснасці, піша «Еўрапейскае радыё для Беларусі».

Аднак, раніцай першага ліпеня многія наведнікі інтэрнэт-кавярняў, якія не мелі з сабой дакументаў, якія пацвярджаюць асобу, сутыкнуліся з праблемай — у доступе да інтэрнэту ім было адмоўлена.

Усіх карыстальнікаў рэгіструюць ў электроннай сістэме. З пашпарта або іншага дакумента з фатаздымкам перапісваюцца асабістыя дадзеныя, якія беларускія інтэрнэт-аператары абавязаны захоўваць на працягу года. А праваахоўныя органы маюць права запытваць інфармацыю пра трафік асобаў, якія іх цікавяць.

Карты для бесправадных кропак Wi-Fi з першага ліпеня таксама будуць прадавацца толькі пасля прад’яўлення пашпарта або дакумента, які пацвярджае асобу.

«Нумар карткі разам з вашым прозвішчам ўносяць у сістэму, і калі вы па ёй ўваходзіце ў сетку, — там, дзе трэба, ужо ведаюць, што гэта вы», — паведаміла выданню супрацоўніца адной з інтэрнэт-кавярняў сталіцы.

Па словах ўладальнікаў прыватных інтэрнэт-кавярняў, дадзенае новаўвядзенне ўжо выклікала адток наведнікаў. Яны асцерагаюцца, што сітуацыя з кліентамі можа толькі пагоршыцца.

Как вам новость?
Головоломки