У Пінску 11 футбалістаў першай лігі "працаўладкавалі" на заводы

24.08.2010 08:55
Архив Редакция

Галоўнае следчае ўпраўленне папярэдняга расследавання МУС Беларусі 20 жніўня ўзбудзіла крымінальную справу ў дачыненні да жыхароў Пінску, супрацоўнікаў футбольнага клубу "Хваля". Іх абвінавачваюць у фіктыўным працаўладкаванні 11 пінскіх футбалістаў, якія гуляюць у першай лізе чэмпіянату Беларусі, на чатыры прадпрыемствы горада.

Следчыя Галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй МУС Беларусі высветлілі, што 59-гадовы і 43-гадовы супрацоўнікі футбольнага клубу з мэтай атрымання грашовых сродкаў для дадатковага матэрыяльнага стымулявання спартоўцаў з красавіка 2005 года па люты 2010 года схілілі да фіктыўнага працаўладкавання 11 футбалістаў кіраўнікоў чатырох прадпрыемстваў Пінску. Пра гэта паведамілі ва УУС Берасцейскага аблвыканкама.

У дачыненні да супрацоўнікаў клубу распачалі крымінальную справу па ч. 5 арт. 16 КК Беларусі (падбухторванне да здзяйснення злачынства) і па ч. 3 арт. 424 КК Беларусі (злоўжыванне ўладай ці службовымі паўнамоцтвамі з цяжкімі наступствамі). Ім пагражае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам да дзесяці гадоў з канфіскацыяй маёмасці (або без яе) і з пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасцю.

У дачыненні да кіраўнікоў прадпрыемстваў, якім злачынцы прычынілі шкоду ў 99,3 млн. рублёў, таксама ўзбуджаная крымінальная справа па ч. 2 арт. 424 КК Беларусі (злоўжыванне ўладай ці службовымі паўнамоцтвамі). Мера стрымання пакуль не абраная, максімальнае пакаранне, якое пагражае зламыснікам — шэсць гадоў са штрафам (або без штрафу) і з пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасцю.

Как вам новость?