У Рагачове на "маўклівы" пратэст вырашылі выходзіць па нядзелях

29.06.2011 15:59
Архив

Да акцыяў маўклівай салідарнасці, ініцыяваных актывістамі з інтэрнэт-супольнасці "Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку", услед за абласнымі цэнтрамі сталі актыўна далучацца раённыя цэнтры Беларусі. Так, у Рагачове, што ў Гомельскай вобласці "маўклівыя акцыі" вырашылі праводзіць кожную нядзелю.

Калі на першую акцыю 19 чэрвеня выйшлі шэсць чалавек, то на наступную акцыю 26 чэрвеня на цэнтральнай плошчы горада сабраліся ўжо 15 чалавек. Разам з імі на плошчы было таксама каля 15 міліцыянтаў і супрацоўнікаў ДАІ. Удзельнікі акцыі вялі сябе мірна, некаторыя з іх прыйшлі на плошчу з дзецьмі.

У 18:00 супрацоўнікі ДАІ сталі адну за адной спыняць машыны, якія на знак салідарнасці ехалі на вельмі нізкай хуткасці ўздоўж плошчы. Пры гэтым супрацоўнікі ДАІ растлумачылі свае дзеянні тым, што ў горадзе праводзіцца аперацыя «прышпіліся!», паведамляе інфармацыйны партал Рагачова.

Па словах удзельнікаў акцыі, супрацоўнікі міліцыі, прадстаўнік мясцовага аддзелу ідэалогіі і гарадскіх уладаў у цывільным вялі пільнае назіранне за тым, што адбываецца. Міліцыянты і супрацоўнікі ДАІ пакінулі плошчу пасля таго, як удзельнікі акцыі разышліся — каля 19:00.

Між тым, арганізатары акцыі маўклівай салідарнасці папярэджваюць аб магчымых правакацыях на чарговай акцыі, якая запланавана на 29 чэрвеня, і заклікаюць людзей не паддавацца на правакацыі.

«Працаўнікам дзяржаўных і сацыяльных устаноў было дадзена ўказанне зверху: сагнаць сваіх падначаленых на праўладныя забаўляльныя мерапрыемствы! Так, настаўнікаў, ідэолагаў прадпрыемстваў, кіраўнікоў першасных ячэек БРСМ прымушаюць раздаваць бясплатныя квіткі на дыскатэкі, канцэрты, праводзіць свае мерапрыемствы. Робіцца гэта толькі з адной мэтай: каб людзі не прыйшлі ў 19:00 на галоўную плошчу горада выказаць сваю грамадзянскую пазіцыю», — перакананыя арганізатары «Рэвалюцыі праз сацыяльныя сеткі».

«Ад супрацоўнікаў КДБ нас паступіла інфармацыя, што дружыннікаў з моладзевых атрадаў аховы правапарадку рыхтуюць здзяйсняць у цэнтры горада правакацыі. Іх задачай будзе лезці ў бойкі, правакаваць людзей на канфлікты! Так улада хоча паказаць, што на акцыю людзі прыйдуць не з мірнымі мэтамі», — гаворыцца ў заяве арганізатараў акцыі.