У Расіі стварылі штаб па пошуку турыстаў з Беларусі

10.03.2010 11:25
Архив Редакция

Галоўнае ўпраўленне МНС Расіі па Мурманскай вобласці стварыла аператыўны штаб па пошуку турыстаў з Беларусі, якіх накрыла снежнай лавінай у горным масіве Лавазерскі. Пра гэта паведаміў прэс-сакратар пасольства Беларусі ў Расіі Віталь Сліўка. Па словах прэс-сакратара, супрацоўнікі МНС РФ прадпрымаюць усе меры па выратаванні чатырох грамадзян Беларусі.

“На месцы здарэння працуюць тры выратавальныя групы з пошукавымі сабакамі. Таксама было высветлена, што ўсе ўдзельнікі групы, якіх было шэсць чалавек, з’яўляюцца жыхарамі Брэста“, — распавёў Віталь Сліўка, перадае БелТА.

Прэс-сакратар дыпламатычнага прадстаўніцтва падкрэсліў, што супрацоўнікі консульскай службы беларускага пасольства знаходзяцца ў сталым кантакце з прадстаўніцтвам МЗС Расіі ў Мурманскай вобласці, МНС і іншымі кампетэнтнымі структурамі.

Сліўка: пасольства высвятляе асобы беларускіх турыстаў

Прэс-сакратар таксама паведаміў, што пасольства Беларусі ў Расіі высвятляе асобы чатырох беларускіх турыстаў, якія патрапілі пад снежную лавіну ў Мурманскай вобласці Расіі, і акалічнасці здарэння.

Віталь Сліўка падкрэсліў, што на месцы здарэння працуюць тры выратавальныя групы. “Аднак сітуацыя ўскладняецца тым, што сход лавіны адбыўся ў адным з самых цяжкадаступных раёнаў. Бліжэйшы населены пункт — мястэчка Рэўда — знаходзіцца за 15 кіламетраў ад месца НЗ“, — праінфармаваў прэс-сакратар дыпламатычнага прадстаўніцтва.

Як раней паведамляў Тэлеграф, трэцяга сакавіка група беларускіх турыстаў у складзе шасці чалавек прыбыла ў перадгор’е Хібін Мурманскай вобласці. Група не зарэгістравалася ў Мурманскім пошукава-выратавальным атрадзе, як таго патрабуюць меры бяспекі.

Восьмага сакавіка а 14:30 у паказаным раёне зафіксавалі сход снежнай лавіны. У выніку пад снегам апынуліся чацвёра турыстаў, двое маладых людзёй 1981 і 1989 гадоў нараджэння здолелі выратавацца.

У галоўным упраўленні МНС паведамілі, што пошукавыя працы ўскладняюцца дрэннымі ўмовамі надвор’я. На дадзены момант чацвёра беларускіх турыстаў, сярод якіх дзве дзяўчыны, лічацца зніклымі без весткі.
 

Как вам новость?
Головоломки