У Расіі злавілі прафесійнага кілера з Беларусі

18.08.2010 16:38
Архив Редакция

Супрацоўнікі расійскіх праваахоўных органаў затрымалі прафесійнага кілера па мянушцы Тхор (Хорек). Злачынцу затрымалі ў Тульскай вобласці Расіі на адной з базаў адпачынку Аляксінскага раёна, паведамілі ва УУС рэгіёну.

Пад падазрэнне злачынца трапіў пасля звычайнай пашпартнай праверкі: аказалася, што ў яго былі падробленыя дакументы. Праверыўшы дадзеныя па ўсіх базах МУС Расіі і міжнароднага вышуку, супрацоўнікі міліцыі высветлілі, што мужчыну ўжо пяць гадоў шукаюць за асабліва цяжкія злачынствы, здзейсненыя на тэрыторыі Беларусі, перадае БелТА.

Злоўлены злачынца некалі быў звязаны з Гомельскай арганізаванай злачыннай групоўкай, што дзейнічала ў 1990-х гадах. 1 снежня 2006 года Вярхоўны суд Беларусі прысудзіў трох найбольш актыўных членаў банды — Сяргея Марозава, Валерыя Гарбатага і Ігара Данчанкі — да вышэйшай меры пакарання (расстрэлу). Яшчэ 23 члены банды атрымалі пакаранне ў выглядзе турэмнага зняволення тэрмінам ад 2 да 20 гадоў.

Злачынцаў прызналі вінаватымі ў здзяйсненні шэрагу наўмысных забойстваў, замахах на здзяйсненне наўмысных забойстваў, бандыцкіх нападах і іншых злачынствах. Яшчэ некалькім бандытам, у тым ліку непасрэднаму выканаўцу забойстваў — кілеру Тхару, тады ўдалося схавацца ад следства. Іх аб’явілі ў вышук.

Цяпер злоўленага злачынца ўтрымліваюць у адзіночнай камеры Тульскага следчага ізалятара. Як паведамляе прэс-служба УУС, змяшчаць да бандыта суседзяў небяспечна з прычыны ягоных дзёрзкіх паводзінаў і гарачага характару. У цяперашні момант вырашаецца пытанне аб экстрадыцыі злачынца ў Беларусь.

Как вам новость?
Головоломки