У Расіі знайшлі целы чацвярых беларускіх турыстаў

11.03.2010 15:19
Архив Редакция

Прадстаўнік прэс-службы ДУ МНС Расіі па Мурманскай вобласці Таццяна Абрамава паведаміла, што выратавальнікі выявілі целы чацвярых беларускіх турыстаў, якія патрапілі пад лавіну ў Мурманскай вобласці. Цела аднаго з іх выявілі 11 сакавіка а 13:25, а праз паўтары гадзіны – яшчэ трох.

Трэцяга сакавіка група беларускіх турыстаў у складзе шасці чалавек прыбыла ў перадгор’е Хібін Мурманскай вобласці. Група не зарэгістравалася ў Мурманскім пошукава-выратавальным атрадзе, як таго патрабуюць меры бяспекі, паведамляе РІА “Новости”.

Восьмага сакавіка а 14:30 у паказаным раёне зафіксавалі сход снежнай лавіны. У выніку пад снегам апынуліся чацвёра турыстаў, двое маладых людзёй 1981 і 1989 гадоў нараджэння здолелі выратавацца.

У галоўным кіраванні МНС паведамілі, што пошукавыя працы ўскладняліся дрэннымі ўмовамі надвор’я.

Галоўнае кіраванне МНС Расіі па Мурманскай вобласці стварыла аператыўны штаб па пошуку турыстаў з Беларусі. Прэс-сакратар пасольства Беларусі ў Расіі Віталь Сліўка падкрэсліў, што супрацоўнікі консульскай службы беларускага пасольства знаходзяцца ў сталым кантакце з прадстаўніцтвам МЗС Расіі ў Мурманскай вобласці, МНС і іншымі кампетэнтнымі структурамі.
 

Как вам новость?
Головоломки