У рэгіёнах не дазваляюць правесці пікеты ў Дзень Волі

21.03.2011 15:08
Архив Редакция

Магілёўскі гарвыканкам не дазволіў правесці пікеты салідарнасці са зняволенымі апазіцыянерамі ў Дзень Волі 25 сакавіка. "Мы будзем абскарджваць гэтае рашэнне ў судзе, бо забараняць пікеты мясцовая ўлада не мела права. Яна павінна была дазволіць пікеты ў іншым месцы і прапанаваць яго нам", — паведаміў адзін з ініцыятараў пікету Юры Новікаў.

Па яго словах, «пікеты спачатку забаранілі, а затым сказалі, што ёсць варыянт па вуліцы Чалюскінцаў, 64в, хоць ён і бязлюдны». Апазіцыя ж хацела правесці пікеты каля будынка Магілёўскага ўпраўлення КДБ і ў скверы каля кінатэатра «Радзіма», перадае «Еўрапейскае радыё для Беларусі».
 
Магілёўская апазіцыя мае намер у найбліжэйшы час абмяркуюць пытанне правядзення іншага мерапрыемства 25 сакавіка.

У Салігорску не дазволілі правесці дыктоўку і пікеты

У Салігорску мясцовыя ўлады ў асобе старшыні гарвыканкама Аляксандра Лазука і кіраўніка справамі выканкама Галіны Яскевіч не дазволілі правядзенне двух пікетаў 25 сакавіка. Так, актывіст грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду!» Мікалай Шаравар прасіў правесці пікет каля гарадскога ўнівермага з мэтай «выказаць падтрымку палітычным вязням Беларусі», але пікет забаранілі з-за адсутнасці асобнага ліста з абавязацельствам заяўніка, паведамілі ў праваабарончым цэнтры «Вясна».

Па словах актывіста, рашэнне неправамернае, бо ў заяўцы ён указаў, што бярэ на сябе ўсе абавязацельствы па забеспячэнні грамадскага парадку і бяспекі падчас пікетавання. «Улады знайшлі чарговую надуманую падставу для абмежавання жыхароў горада ў правах», — сказаў ён.

Адмовілі ў правядзенні пікету і Уладзіміру Шылу, што падаў заяўку на пікет у адведзеным мясцовымі ўладамі пад гэтыя мэты стадыёне «Будаўнік», з прычыны правядзення «працаў па рэканструкцыі стадыёна». «Гэта — абсурд. Літаральна на днях на стадыёне будзе матч «Шахцёра». Адкуль там узяцца рэканструкцыі. Да таго ж заяўка была пададзеная на 18:00, калі ўжо скончаны працоўны дзень і ніякіх працаў быць не можа. І наогул, калі ў адведзеным самімі ж уладамі месцы пад масавыя мерапрыемствы немагчыма правесці пікет, так няхай прапануюць іншае месца, а не забараняюць мерапрыемства. Гэта абавязак дзяржавы — забяспечыць грамадзянам права на публічнае выказванне сваіх меркаванняў, права на масавыя сходы», — заявіў апазіцыйны актывіст.

Таксама салігорскія ўлады не дазволілі гарадской арганізацыі «Таварыства беларускай мовы імя Францыска Скарыны» правядзенне дыктоўкі па беларускай мове ва ўстановах і прадпрыемствах горада і раёна 25 сакавіка.

У Гомелі пікеты можна праводзіць толькі каля таварыства глухіх

Акрамя таго, у Гомелі актывістам «Гавары праўду!» забаранілі правядзенне пікету 25 сакавіка, спаслаўшыся на тое, што «змест заяў не адпавядае патрабаванням пунктаў 1,2 рашэння гарвыканкама «Аб масавых мерапрыемствах у горадзе Гомелі».

Паводле дадзенага рашэння, масавыя мерапрыемствы, арганізатарамі якіх выступаюць палітычныя партыі, прафсаюзы і іншыя арганізацыі, можна праводзіць толькі на пляцоўцы каля ДК «Віпра» таварыства глухіх ў спальным раёне. Таксама, калі масавае мерапрыемства праводзяць не органы дзяржаўнай улады, то арганізатары павінны падпісаць дамовы з камунальнымі службамі, міліцыяй і хуткай дапамогай, і прыкласці гэтыя пагадненні да рашэння.

Як паведамляў Тэлеграф, Мінскі гарвыканкам 18 сакавіка адмовіў у правядзенні запланаваных апазіцыяй шэсця і мітынгу ў Дзень Волi 25 сакавіка, дазволіўшы толькі правядзенне з 18:00 да 20:00 мітынгу ў парку Дружбы народаў на плошчы Бангалор. Пра гэта паведаміла адна з ініцыятарак правядзення акцыі Ірына Губская. «Мы лічым гэта здзекам, здзекам з людзей, са свята і законаў», — адзначыла яна.

Как вам новость?
Головоломки