У Сенат ЗША ўнеслі рэзалюцыю, якая заклікае да жорсткіх санкцый супраць Беларусі

10.03.2011 14:39
Архив Редакция

У сераду, 9 сакавіка, амерыканскія сенатары ўнеслі на разгляд заканадаўцаў рэзалюцыю, у якой асудзілі прэзідэнцкія выбары ў Беларусі як нелегітымныя, і заклікалі неадкладна вызваліць з турмаў усіх апазіцыянераў. Дакумент распрацавалі сенатары Дзік Дэрбін і Джо Ліберман. Акрамя таго, рэзалюцыя заклікае ЗША і Еўрасаюз увесці новыя жорсткія санкцыі супраць Беларусі.

Сенатары назвалі беларускія выбары 19 снежня, у выніку якіх Аляксандр Лукашэнка быў пераабраны на чацверты тэрмін, «сфальсіфікаванымі» і асудзілі падаўленне пратэстаў апазіцыі і арышты альтэрнатыўных кандыдатаў у прэзідэнты, паведамляе радыёстанцыя «Голас Амерыкі».

Дзік Дэрбін заявіў, што гэты дакумент павінен прыцягнуць увагу грамадскасці да беларускай сітуацыі і паслужыць новым заклікам міжнароднай супольнасці да пераменаў у гэтай рэспубліцы. На яго думку, рэзалюцыя сведчыць, што амерыканскі народ салідарны з беларускім і падтрымлівае яго імкненне да дэмакратыі.

У сваю чаргу сенатар Бэн Кардзін адзначыў, што дакумент з’яўляецца сігналам аб намерах заклікаць Лукашэнку да адказнасці за бясконцыя парушэнні правоў чалавека і дэмакратычных нормаў.

Як ужо перадаваў Тэлеграф, дзярждэпартамент ЗША 31 студзеня абвясціў аб увядзенні аднабаковых санкцыяў у дачыненні да шэрагу беларускіх кампаній. Дзяржава анулявала дакумент, які дазваляе амерыканскім грамадзянам здзяйсняць угоды з даччынымі кампаніямі беларускага нафтахімічнага канцэрна «Белнафтахім» — «Лакафарба» і «Полацк Шкловалакно», а 19 студзеня сенатары Джон Маккейн і Джозаф Ліберман падпісаліся пад прапановай групы амерыканскіх палітыкаў да Еўрасаюзу падтрымаць санкцыі ЗША і ўвесці забарону на дзелавыя адносіны з «Белнафтахімам» «у сувязі з рэпрэсіямі ў Беларусі».

Акрамя таго, ЗША пашырылі спіс грамадзян Беларусі, якім забаронены ўезд на тэрыторыю краіны.

Как вам новость?
Головоломки