У школе на Гарадзеншчыне знайшлі дзесяць выбухованебяспечных бомбаў

22.04.2010 12:48
Архив Редакция

Супрацоўнікі Камітэта дзяржаўнай бяспекі знайшлі дзесяць выбухованебяспечных авіяцыйных бомбаў у музеі адной са школ Мастоўскага раёна Гарадзенскай вобласці. "Боепрыпасы ўжо вельмі доўга захоўваліся ў школьным музеі, але ніхто іх не правяраў. Пасля праверкі выявілася, што яны баявыя", — расказалі спецыялісты.

Супрацоўнікі Камітэта дзяржбяспекі апрача бомбаў ліквідавалі са школьнага музея пяць артылерыйскіх снарадаў, мінамётную міну калібра 82 міліметры, супрацьтанкавую міну, тры ўзрывальнікі да артылерыйскіх снарадаў, сем ручных гранатаў, сем патронаў да стралковай зброі і некалькі кулямётаў, паведамляе БелТА.

«У боепрыпасах выбуховых рэчываў аказалася агульнай вагой на 15 кілаграмаў у трацілавым эквіваленце», — падсумавалі эксперты. Увесь баявы арсенал быў вывезены з музею і знішчаны на ваенным палігоне.

Камітэт дзяржбяспекі пачаў правяраць школьныя музеі, у якіх дэманструюцца боепрыпасы, у лютым гэтага года. За час праверак з музеяў спецыялісты ліквідавалі 54 адзінкі зброі, а таксама 42 выбухованебяспечныя прадметы.

Как вам новость?